Лукашэнка, Мядзведзеў і Пуцін пакідаюць Сочы
Аляксандр Лукашэнка сёння вернецца ў Мінск з сочынскага адпачынку, паведаміў кіраўнік яго прэс-службы Павел Лёгкі.
Паводле словаў Лёгкага, якія прыводзіць БелаПАН, прэс-служба "не мае інфармацыі" наконт таго, ці сустракаўся Лукашэнка з кіраўнікамі Расіі.
Паміж тым, шанец быў. Як паведамляе РІА "Новости", прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў і прэм'ер-міністр Уладзімір Пуцін наведалі адзін з алімпійскіх аб'ектаў у Чырвонай Паляне ў Сочы. Яны паназіралі за ходам спаборніцтваў Кубка Еўропы па гарналыжным спорце, якія ладзяцца на трасе горналыжнага цэнтра "Роза Хутар", і здзейснілі пару спускаў на лыжах.
Пасля да Мядзведзева і Пуціна далучыўся старшыня каардынацыйнай камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэта Жан-Кол Кілі, з якім яны пагутарылі ў нефармальнай абстаноўцы.