Лукашэнка: Недалёкі дзень, калі Папа Рымскі прыедзе ў Беларусь
Кіраўнік Беларусі ў чарговы раз выказаўся наконт магчымага візіта ў нашу краіну пантыфіка.
Падчас сустрэчы з апостальскім нунцыем у Беларусі Клаўдзіё Гуджэроці Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "недалёкі той дзень, калі і Папа Рымскі зможа сустрэцца ў Беларусі са сваімі прыхільнікамі". "Мы будзем радыя бачыць яго", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.
Ён удакладніў, што "у гэтым накірунку павінны працаваць і з нашым патрыярхам", верагодна, маючы на ўвазе кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы Кірыла.
Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хтосьці хоча "убіць клін і ў нашы адносіны з Папам Рымскім". Але гэта не атрымаецца, сказаў ён.
Нагадаем, у красавіку 2009-га з'явілася інфармацыя пра планы Аляксандра Лукашэнкі арганізаваць сустрэчу ў Беларусі Папы Бенедыкта XVI і Патрыярха Кірыла. Тады ў Беларускай праваслаўнай царкве казалі, што такая сустрэча тэарэтычна магчымая.
Фота — Reuters