Лукашэнка раіў Грыбаўскайтэ "адсунуць" Ігналіну ад мяжы
Сёння літоўскі прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ згадала аб сваёй размове з беларускім калегам з нагоды будаўніцтва АЭС у Астраўцы.
Пытанне будаўніцтва беларускай АЭС у непасрэднай блізкасці ад межаў Літвы абмяркоўвалася на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ ў верасні 2009 года.
"І ў двухбаковым фармаце, і пры сведках я вельмі жорстка заяўляла, што абраная пляцоўка, якая знаходзіцца ў 50-ці кіламетрах ад сталіцы іншай дзяржавы, з'яўляецца вельмі непрыемнай навіной для Літвы. І што для нас гэта, напэўна, можа ўскладніць любое супрацоўніцтва ў будучыні з гэтай краінай. Адказ я атрымала прыблізна такі: "А вы Ігналіну ад нашай мяжы адсуньце", — распавяла Грыбаўскайтэ.
Цяпер, калі Расія і Беларусь падпісалі пагадненне аб будаўніцтве Астравецкай АЭС, Літва запатрабуе міжнароднага назірання за рэалізацыяй гэтага праекта, заявіла кіраўнік Літвы.
Грыбаўскайтэ лічыць, што пасля японскай катастрофы патрабаванні да бяспекі ва ўсім свеце да атамнай энергетыкі павінны быць больш жорсткімі, перадае ІА REGNUM.