Лукашэнка ў Лондане моліцца за рускіх

Прайграўшы бронзу па вольнай барацьбе, беларуска Васіліса Марзалюк скардзіцца, што, магчыма, не хапіла падказкі яе трэнера – Віктара Гардзейчыка. Яго ў Лондан не ўзялі.

Затое ў складзе нашай алімпійскай дэлегацыі ёсць чыноўнік неспартовага профілю – віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік. Яго Савет міністраў прызначыў кіраўніком аргкамітэта па забеспячэнні падрыхтоўкі і ўдзелу спартсменаў у Гульнях. І ўвесь гэты час Анатоль Тозік разам з нашымі алімпійцамі – у Лондане.

Ці апякуюцца чыноўнікі іншых зборных аб сваіх алімпійцах, як нашы? 

Кампетэнтная асоба з Польскага алімпійскага камітэта шчыра прызнаецца Еўрарадыё, што так званыя госці, якія ўваходзяць у склад дэлегацыі, часам не маюць дачынення да алімпізму: 

Так, гэтыя асобы не звязаныя напрамую са спортам. Галоўная карысць ад гэтых людзей – спонсарская. Польскі алімпійскі камітэт не датуецца з бюджэту дзяржавы, нас утрымліваюць пры дапамозе спонсарскіх грошай”. 

З незвычайных асобаў, якія суправаджаюць польскіх спартсменаў у Лондане, мне называюць хіба мясцовага алімпійскага святара: “Паехаў ксёндз Эдвард Плень. Таму што ён наш душпастыр спартовы”.

Як даведалася Еўрарадыё, высокія чыноўнікі з Украіны выправіліся ў Лондан. 

“Віцэ-прэм’еры ўсе паехалі, гэта я дакладна ведаю” , -- паведамляе Еўрарадыё службовая асоба з НАКа Украіны. 

Дэлегацыю нашых суседзяў на адкрыцці Гульняў узначаліў прэм’ер-міністр Азараў. Але спартовая журналістка з кіеўскага бюро “Комсомольской правды” Юлія Мамойленка падкрэслівае, што цягам усіх гульняў у Лондане ніхто з чыноўнікаў не сядзеў.

Юлія Мамойленка: “Якраз адкрываю старонку НАКа. Учора ва Ўкраінскім доме была вечарына. Пагляджу, хто там прысутнічаў і вам скажу… Нічога крамольнага. Прысутнічаў Бубка (легендарны ўкраінскі скакун з шастом, -- Еўрарадыё), нашы спартсмены-алімпійцы, іх бацькі”.

Журналіст літоўскага партала DELFI Канстанцін Амялюшкін распавядае, што чыноўнікі з яго краіны таксама былі ў Лондане. Але... не ў складзе алімпійскай дэлегацыі.


Канстанцін Амялюшкін: “Прэзідэнт была, прэм’ер быў, палітыкі некаторыя былі. Па сваёй ініцыятыве проста паехалі”. 

На адкрыцці лонданскіх Гульняў расійскую дэлегацыю ўзначаліў прэм’ер Мядзеведзеў. Пабыў і з’ехаў. Прыязджаў у Лондан на спаборніцтвы па дзюдо і прэзідэнт Пуцін.


“У дэлегацыі расійскай каманды – спартсмены, трэнеры і людзі, звязаныя напрамую са спортам”, -- з дакорам адказала на пытанне Еўрарадыё Марыя Кісялёва, прэс-сакратар расійскага НАКа. 

У расійскай камандзе прысутнічае хіба архімандрыт Сільвестр. Свецкае імя святара…Сяргей Лукашэнка.

Фота kp.ru

Такім чынам, у суседскіх алімпійскіх дэлегацыях чыноўнікаў, падобных да Анатоля Тозіка, мы не знайшлі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі