"Ляпісы" пішуць новы альбом у стылістыцы "Не быць скотам!"

111003 Malina Kalmykov.mp3

Гурт "Ляпіс Трубяцкой" у Кіеве запісвае новы альбом. Але пакуль калектыў не раскрывае сакрэты будучай плыткі, як і дату яе выхаду.

"На дадзены момант Міхалок "абнародаваў" адну з песень будучага альбома — "Не быць скотам". Вось такім гэты альбом і будзе, — распавядае прадзюсер гурта Яўген Калмыкоў. — Даты выхаду ёсць, але называць я іх не буду. Мой горкі досвед. Калі мы загадзя аб’яўляем даты, у нас па нейкіх прычынах зрываюцца тэрміны і нам пасля сорамна, што мы ўжо аб’явілі, а альбома няма. Не хочам быць заложнікамі ўласных абяцанняў".


Дарэчы, дзякуючы "Ляпісам" маскоўскі клуб сабраў рэкордную колькасць гледачоў. У апошні дзень верасня на адной з найбуйнейшых пляцовак Масквы "Arena Moscow" прайшоў аншлагавы канцэрт гурта.

"Як нам распавялі ўладальнікі клуба, усе квіткі былі прададзеныя загадзя, — дзеліцца ўражаннямі Яўген Калмыкоў.Сабралася 5000 гледачоў. Таму мы ў такім прыўзнятым настроі зараз. І насамрэч было шмат беларусаў".

Тым часам Сяргей Міхалок працягвае здзіўляць сваёй фізічнай формай. На сцэну "Arena Moscow" ён выйшаў у вобліку яшчэ больш накачанага баксёра ў чырвоных трусах. А разам з новай песняй "Не быць скотам" на і без таго ўражваючым торсе Міхалка з’явілся аднайменная татуіроўка.

Відавочныя змены знешняга выгляду Міхалка не адмаўляе і Яўген Калмыкоў:

"Ды ўвогуле! Ён некуды злятае! Ён муціруе! Я і сам назіраю і думаю: куды гэта ўсё выльецца і куды гэта ўсё прывядзе? Ляціць, карацей! Але неяк гэта было б мелка сказаць, што ўсё, што адбываецца з Міхалком, — гэта падрыхтоўка да новага альбому. Але можна і альбомамі яго мераць", — смяецца Яўген Калмыкоў.

 

Акрамя новага альбома, нас чакае яшчэ адна прэм’ера ад галоўнага "Ляпіса": напрыканцы гэтага месяца ў пракат выйдзе фільм "Звёздный ворс" з удзелам Сяргея Міхалка. Здымкі фільма ўжо скончаныя, але яго стваральнікі, Нікалай Капейкін і Андрэй Кагадзееў, вырашылі не спяшацца з прэм’ерай.

Яўген Калмыкоў: "Яны вельмі доўга яго вылізваюць, я так разумею. Ды яны і проста па жыцці нікуды не спяшаюцца. Тым не менш, сказалі, што ў кастрычніку фільм будзе гатовы. І, магчыма, мы зробім адну з першых прэм’ер у Мінску. Усё для гэтага ёсць! Але гэта будзе вядома напрыканцы месяца".

Фота: Натан Антановіч, www.kp.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі