Людзі незадаволеныя ходам рамонту ў доме на Пляханава
Кампенсацый жыхарам разбуранага пад’езда дагэтуль не выплацілі.
“У кагосьці паркет ляжыць, дык ім гавораць: “Прабачце, мы паркет не кладзем, мы вам пакладзем лінолеум”. Практычна ў кожнай кватэры ёсць свае нюансы”, — расказвае Еўрарадыё жыхарка дома на Пляханава Таццяна.
“Нюансы” цікавыя. У адной кватэры пашкоджаныя металічныя дзверы замянілі на драўляныя, патлумачыўшы патрабаваннямі пажарнай бяспекі. Шпалеры ўзамен пашкоджаных вадой людзям прапаноўваюць айчынныя — гомельскай вытворчасці. У выніку шмат хто адмовіўся ад такой “дапамогі” і набыў шпалеры за свае грошы. Ці вернуць гарадскія ўлады затрачаныя сродкі — невядома.
У дадатак нават гэтага падазронага рамонту дачакаліся далёка не ўсе. Рабочыя займаюцца толькі некалькімі кватэрамі на сёмым і шостым паверхах. Тыя, хто жыве ніжэй, пакуль вымушаныя чакаць, хоць улады засялілі іх амаль месяц таму.
Маўчаць улады і пра прычыны выбуху. Жыхарам патлумачылі толькі афіцыйную версію высялення пад’езда.
Таццяна: “Мне даслалі ліст са ЖРЭА. Я прасіла патлумачыць прычыны адсялення людзей з пад’езда і назваць прычыны выбуху. Напісалі, што прычынай адсялення было тое, што кран працаваў. Па тэхніцы бяспекі нельга жыць у пад’ездзе, калі працуе тэхніка.А пра прычыны выбуху — нічога”
Восьмы і дзевяты паверхі дагэтуль незаселеныя. Кватэры там пацярпелі больш за іншыя і калі іх адновяць — невядома. Невядома таксама, калі жыхарам выплацяць кампенсацыі і ці будуць іх плаціць увогуле.