Мацей Радзівіл: “Прыязджайце на адкрыццё замка!”

 

Хоць афіцыйна замак адкрылі яшчэ ў ліпені мінулага года, але сапраўдным адкрыццём самі Радзівілы лічаць асвячэнне капліцы сэрца ўсяго замка. Таму як толькі пачулі, што 9 лютага арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніць гэтую працэдуру адразу пачалі збірацца ў Нясвіж.

Мацей (злева) і Мікалай Радзівілы перадаюць копію абраза тагачаснаму дырэктару замка Валеру Сталярчуку (у цэнтры)

“Гэта сімвалічнае адкрыццё замка, — распавядае Мацей Радзівіл. — Мы бралі ўдзел у рэканструкцыі капліцы — замовілі копію абраза Святой Марыі, якая цяпер знаходзіцца ў замку. І мы вельмі рады, што асвяціць капліцу прыедзе арцыбіскуп з Мінска, каб мы зноўку маглі маліцца ў капліцы нашай сям’і”.


Абраз Божай Маці цудам з’явіўся каралю Яну Сабескаму ў часе бітвы з туркамі пад Венай у 1683 годзе. Абапал Божай Маці на стужках было напісана: “Яне, ты пераможаш” і Сабескі напраўду перамог. Пасля згасання роду Сабескіх абраз перайшоў да іх сваякоў Радзівілаў. У 1740-х гадах князь Рыбанька распарадзіўся збудаваць у замку спецыяльную капліцу для абраза і пазначыў, што ўсе наступныя пакаленні Радзівілаў павінны маліцца і дужа шанаваць гэты абраз. За савецкім часам капліца была знішчана і адноўлена толькі падчас цяперашняй рэканструкцыі замка. А арыгінал абраза, апавядае пан Мацей, некалі ўратавалі цудам.

Копія абраза Божай Маці з Ларэта XVII стагоддзя

 

Мацей Радзівіл: “Арыгінал у нас у сям’і. Гэты абраз быў уратаваны адной з жанчын, якая працавала ў замку. Яна захавала яго праз усю вайну — паспеўшы забраць адразу, як Чырвоная армія ўвайшла ў замак. Пасля вайны яна перавезла гэты абраз у Варшаву і аддала адной з маіх цётак, якая была дачкой Караля Радзівіла, гаспадара Манькавічаў і Давыд-Гарадка”.

Так выглядала капліца перад вайной

А так яна адноўленая цяпер

 

Карыстаючыся выпадкам, князь Мацей праз Еўрарадыё запрашае ўсіх ахвочых прыехаць у суботу ў Нясвіж і разам з імі раздзяліць радасць ад аднаўлення радавой капліцы Радзівілаў.

 

Мацей Радзівіл: “Я спадзяюся, што асвячэнне капліцы — гэта будзе важнае мерапрыемства, куды прыедзе шмат людзей. Хоць капліца не вельмі вялікая, каб змясціць усіх-усіх, але спадзяюся, што людзі ўсё адно прыйдуць. Гэта вельмі важная падзея для нас, для замка, для Нясвіжа і таксама для ўсёй Беларусі”.

 

Дарэчы, гэта будзе ўжо другая спроба асвяціць капліцу. Першая была яшчэ да афіцыйнага адкрыцця замка. Але як толькі Радзівілы сабраліся ехаць і сказалі, што гэта стане для іх сімвалічным адкрыццём замка, асвячэнне адмянілі літаральна за два дні да ўрачыстасці. Як гаварылася ў кулуарах, улады не маглі дапусціць, каб замак сімвалічна адкрылі Радзівілы, а не кіраўнік краіны. Дырэкцыя замка патлумачыла адмену тым, што капліца яшчэ “не гатовая”. У выніку замак сапраўды адкрываў Лукашэнка, там жа прысутнічалі і Мацей з Мікалаем Радзівілы. А асвячэнне капліцы адклалася больш чым на паўгода.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі