Маладафронтаўца будуць судзіць за гродзенскі мітынг Статкевіча і Уса
Яшчэ падчас адбыцця 10-суткавага пакарання за акцыю салідарнасці пад Акрэсціна Алесь Кіркевіч атрымаў позву ў Кастрычніцкі суд Гродна.
Хлопца вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыяваным мітынгу і шэсці, якія 16 снежня зладзілі былыя кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч і Дзмітрый Ус. Суд над Кіркевічам прызначаны на 6 студзеня.
Нагадаем, гарадская выбарчая камісія Гродна не дазволіла Статкевічу праводзіць сустрэчу з выбарцамі ў зале філармоніі. Паколькі месца ўжо было абвешчанае ў СМІ, палітык заявіў, што правядзе мітынг проста на прыступках будынка. Тады Статкевічу прапанавалі актавую залу каледжа ў кіламетры ад філармоніі і аўтобус, каб даставіць туды людзей.
Экс-кандыдат адмовіўся і разам з Дзмітрыем Усам пачаў сход каля філармоніі. Затым пешшу са сцягамі кандыдаты і іх прыхільнікі ўсім сходам рушылі ў каледж.