Маладафронтаўца Івана Шылу збілі і абрабавалі ў Катавіцах
Забралі нават шлёпкі з ног.
Маладафронтавец вучыцца цяпер ва Універсітэце Шлёнскім на спецыяльнасці “адміністраванне”. Гэта другі па колькасці студэнтаў польскі ўніверсітэт, дзе навучаецца 40 тысяч чалавек.
Як паведаміў Іван Шыла у сваім Фэйсбуку, на яго напалі, калі хлопец накіроўваўся з інтэрната ў краму. “Выскачылі з кустоў, пабілі, забралі тэлефон, картку, цыгарэты і нават шлёпкі знялі з ног. Вось вярнуўся з паліцыі”. Размаўлялі нападнікі па-польску. Як прызнаецца Іван, пабілі яго “нармальна”.
Паліцыянты ў пастарунку “супакоілі” Івана: маўляў, такіх выпадкаў у іх “некалькі тысяч на год”. Пры тым, што ў Катавіцах жыве каля 310 тысяч чалавек.
Іван Шыла з’ехаў на вучобу ў Польшчу пасля таго, як прымусова адслужыў у беларускім войску, нягледзячы на хваробу. Урэшце праз хваробу яго камісавалі датэрмінова. Перад войскам хлопца адлічылі са школы. Школьныя іспыты Іван здаваў у часе службы паводле дазволу генерала Мальцава, тагачаснага міністра абароны. У Беларусі хлопец неаднаразова быў збіты міліцыяй і сядзеў на сутках за акцыі і перфомансы ад імя зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога Фронту”.