Маладзён “скраў” уласны аўтамабіль, бо баяўся маці
За інсцэніроўку ўгону ён сплаціць 1 мільён 750 тысяч рублёў.
Жыхар Белаазёрска, пазбаўлены правоў, катаўся з сябрамі і сяброўкамі нападпітку. Калі за горадам яны заўважылі, што следам едзе аўтамабіль дзяржаўтаінспекцыі, кіроўца ціскануў на газ, і хлопцы схаваліся ў наступным ляску. Пасля таго, як міліцыянты з’ехалі, аўтамабіль схавалі ў суседняй вёсцы. Але дома яго прапажу заўважыла маці маладзёна.
Замест таго, каб дамовіцца з ёй, хлопец сказаў, што аўтамабіль скралі, і заявіў аб угоне ў міліцыю. Але там разгадалі таямніцу знікнення аўтамабіля і перадалі справу ў суд, які выпісаў маладому чалавеку буйны штраф. Гэтую павучальную гісторыю распавяла бярозаўская раённая газета “Маяк”.