Маларытчанін прывёз медаль з Міланскага марафона
Свой забег Уладзімір Малей прысвяціў Беларусі і незалежнаму прафсаюзу. Марафон адбыўся 10 красавіка.
Юрыст прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці сфатаграфаваўся ў Мілане з бел-чырвона-белым сцягам і сцягам свайго прафсаюза.
Уладзімір Малей: "Я ўпершыню браў удзел у такім марафоне. Умовы былі цяжкія. Ніхто не чакаў, што тэмпература ў Мілане падымецца да +30. Над марафонцамі кружыў верталёт і веў прамую трансляцыю на тэлеканал “Еўраспорт”.
На старт запісаліся больш за 5 тысяч чалавек, стартавалі крыху больш за 4 тысяч, фінішавалі каля 3400 удзельнікаў. Пераможцу чакаў прыз у 10 тысяч еўра. Медалі дасталіся тым, хто ўклаўся ў 6 гадзін.
У 2012 годзе Уладзімір Малей плануе з калегамі з маларыцкага Клуба аматараў бега ўзяць удзел у юбілейным Стакгольмскім марафоне. Ён будзе прысвечаны Алімпійскім гульням у Стакгольме 1912 года.