Маргарэт Тэтчэр пахаваюць з вайсковым ушанаваннем
Пра гэта ў панядзелак абвясціла канцылярыя прэм'ер-міністра Брытаніі. Рашэнне было прынятае са згоды каралевы Элізабэт ІІ.
Нагадаем, што колішняя прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі памерла на 88-м годзе жыцця ад інсульту.
Як адзначае ВВС, маштаб жалобных мерапрыемстваў будзе толькі крыху саступаць дзяржаўным пахаванням, якія ладзяцца ў выпадку смерці чальцоў каралеўскай сям'і. Адзіным выключэннем з гэтага правіла былі дзяржаўныя пахаванні Уінстана Чэрчыля ў 1965 годзе.
Жалобная працэсія пачне шэсце ад будынка брытанскага парламента. Катафалк давязе труну з целам Тэтчэр да царквы Сэнт-Клемент-Дэйнс на Стренде. Там труну пакладуць на гарматны лафет і даставяць у сабор святога Паўла, дзе адбудзецца паніхіда. На ўсім шляху працэсіі па абодва бакі дарогі будзе стаяць ланцуг брытанскіх вайскоўцаў.
Пасля паніхіды цела нябожчыцы крэміруюць. На гэтую цырымонію дапусцяць толькі яе блізкіх.
Фота — ria.ru