Маскоўскім пратэстоўцам распавялі пра барацьбу супраць Лукашэнкі (фота)
У Маскве працягваецца бесперапынная акцыя пратэсту. У пятніцу перад уваходам на Чыстапрудны бульвар з'явілася расцяжка "Расія без Пуціна".
Колькасць людзей, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, працягвае павялічвацца. У лагеры стварылі ўласную дружыну, якая сочыць за парадкам і перашкаджае правакацыям.
Смецце з тэрыторыі лагера збіраюць валанцёры. У лагеры дзейнічае "сухі" закон. Тым, хто прыходзіць нават з півам (у Расіі яго можна піць на вуліцах), удзельнікі настойліва рэкамендуюць пакінуць тэрыторыю лагера або выкінуць піва ў сметнік.
Днём пад'язджаюць студэнты і рыхтуюцца да вучобы на месцы. Можна сустрэць людзей з падручнікамі, а таксама з Правіламі дарожнага руху.
Дзейнічае лекторый для пратэстоўцаў. Прачытаць лекцыю ў ім можа любы ахвочы, які з'яўляецца спецыялістам у якой-небудзь галіне. Напрыклад, праграма лекторыя на 12 траўня такая:
1. Уводзіны ў міжнародную мову эсперанта.
2. Семінар "Што рабіць пры затрыманні".
3. Сацыяльныя карані эканамічных праблем.
4. Сустрэча з удзельнікам "Occupy WallStreet"
5. Лекцыя "Бунт ці рэформа".
6. Страйк у Калузе (досвед працоўнага супраціву)
7. Гісторыя грамадзянскага непадпарадкавання ад Сакрата да Марціна Лютара Кінга.
8. Сартаванне і ўтылізацыя смецця.
9. Тахрыр. Як перамаглі Мубарака
10. Досвед барацьбы супраць Лукашэнкі.
У ноч на суботу ў лагеры было каля 500 чалавек. Чакаецца, што на выходныя іх будзе больш. Нагадаем таксама, што 13 траўня група пісьменнікаў і музыкаў запланавала "Кантрольны шпацыр" — ад помніка Пушкіна на Пушкінскай плошчы да помніка Грыбаедаву на пачатку Чыстапруднага бульвара. Пра свой удзел у акцыі ўжо заявілі Барыс Акунін, Андрэй Макарэвіч, Дзмітрый Быкаў, Аляксей Кортнеў ды іншыя.