Мастак напісаў раман па матывах уласнай карціны
А потым аздобіў гэтай карцінай вокладку сваёй кнігі.
Кнігу “Вяртанне берасцейскай стралы” Лявон Валасюк прэзентаваў у пятніцу ў Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя Пушкіна. Мастак і пісьменнік распавёў:
“Карціна была штуршком. Страла ў той карціне, страла, якая ёсць на гербе Брэста, — яна нібыта ажыла, дала людзям пра сябе нейкі знак… Можна сказаць, быў пасыл зверху, ад Старога Горада, які разбурылі ў свой час расейцы. Страла як Робін Гуд. Бо без пакарання нельга”.
У рамане страла падае з неба, як знак блізкай бяды тым, хто неяк шкодзіць захаванню гісторыі. Яна помсціць гэтаксама незваротна, як вярнулася на сцяг Брэста. Але таксама і годзіць людзям прыстойным і закаханым.
Акрамя гэтага твора, у кнігу ўвайшлі яшчэ раман пра “чорных капальнікаў”, аповесць, апавяданні, абразкі, а таксама белетрызаваныя мемуары пра армейскую службу ў Венгрыі.
“Вяртанне берасцейскай стралы” — гэта другі раман магічнага рэалізму, прысвечаны Брэсту. Аўтар першага, “Рыбін горад”, Наталка Бабіна, была заўважаная на прэзентацыі.