“Мацяршыннік” з Акрэсціна: “Я наогул намагаюся не абражаць людзей!”

120719 Sviardlou_MAT.mp3

O tempora, o mores! Міліцэйская статыстыка адназначна сведчыць (!) пра тое, што беларусы дзічэюць. За брудную лаянку ў грамадскіх месцах затрымліваюць вельмі інтэлігентных людзей. Падкрэслена інтэлігентных. Ад якіх брыдкага слова ну ніяк не чакаеш!

18 ліпеня за лаянку судзяць старшыню экалагічнай арганізацыі “Экадом” Ірыну Сухій:

“У зале суда было шмат маіх калег. І вось, калі міліцыянты пачалі гаварыць, як яны за 50 метраў пабачылі, што я размахваю рукамі і лаюся… Уся зала пачала затыкаць сабе рукамі рот, каб толькі не рагатаць”.

Ірына Сухій. Беларускі міліцыянт адчуў у ёй мацяршынніцу за 50 метраў

Часам здараюцца такія сітуацыі, што без моцнага слоўца не абыйсціся, кажа Ірына.

Ірына Сухій: “Я была вельмі блізкая да ўжывання гэтых словаў, калі 18 ліпеня позна ўвечары з’явілася інфармацыя пра Таню Новікаву і Андрэя Ажароўскага. Усе РАУСы адмаўлялі, што яны ў іх знаходзяцца. Судзілі пасля таго, як у судах скончыўся працоўны час. І толькі пасля 23-й гадзіны, калі яны трапілі на Акрэсціна, ім дазволілі патэлефанаваць”.

18 ліпеня Андрэй Ажароўскі — фізік-ядзершчык і вядомы актывіст антыатамнай кампаніі — атрымлівае 10 сутак за лаянку ў грамадскім месцы. Таццяне Новікавай даюць 5 сутак. Абмеркаваць з імі гэта пакуль што немагчыма. Таму прашу Ірыну Сухій “замясціць” калег і сказаць што-небудзь “дапушчальна” бруднае. Тая саромеецца.

Не паддаецца на маю правакацыю і шэф-рэдактар газеты “Наша ніва” Андрэй Дынько:

“У маёй сям’і гэта не бытуе. Мае бацькі і дзяды ніколі бруднымі словамі не карысталіся”.

Андрэй Дынько

У сакавіку 2006 года Андрэй Васілевіч адкрыў лік прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, абвінавачаных у брыдкаслоўі. Паводле яго слоў, з тых часоў у “працэдуры” рэпрэсіяў нічога не змянілася. Сведкамі ў судзе 5 гадоў таму таксама выступалі міліцыянты:

Андрэй Дынько: “Так, так, былі два спецназаўцы. А прозвішчы іх былі Шушко і Пачценны”.

Хто б сумняваўся, што “пачценны” ў судзе пераможа інтэлігентнага…

31 траўня ў дробным хуліганстве абвінавачваюць акадэмічнага дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксея Пікуліка. Палітолаг часцяком выступае на Еўрарадыё ў якасці эксперта.

Аляксей Пікулік

Уночы з 19 на 20 снежня 2010 года, сярод сотняў іншых затрыманых, у ізалятар на Акрэсціна трапіў выкладчык БДУ Павел Баркоўскі. Сумную вядомасць гэты факт набыў пасля публікацыі ў інтэрнэце фота з культавым подпісам:

 

“Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Ала Віктараўна Баркоўская і кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Вольга Мікалаеўна Шпарага перадаюць рэчы кандыдату філасофскіх навук, дацэнту Паўлу Уладзіміравічу Баркоўскаму ў прымальнік-размеркавальнік на Акрэсціна”.

“Я наогул намагаюся не абражаць людзей, — па-філасофску разважае Павел Баркоўскі. — І лексіка гэтая не ўласцівая для майго атачэння. У хатняй абстаноўцы могуць узнікнуць абставіны, калі давядзецца што-небудзь такое ўжыць. Але, зразумела, гэта не для публічнай прасторы”.

На маё пытанне пра тое, якія словы прыходзяць яму ў галаву, калі ён чытае зводкі пра чарговыя затрыманні за лаянку ў грамадскім месцы, філосаф, які калісьці сустракаў на Акрэсціна новы, 2011 год, выдае прадказальна інтэлігентны адказ:

Павел Баркоўскі: “Гэта пачуццё абразы за стан нашай сучаснай прававой сістэмы. На мой погляд, ён не адпавядае ніякім нормам, нават прынятым тут. І патрабуе карэннай рэформы”.

Фота: Андрэй Кабанаў, радыё “Свабода”, Labadzenka.bY.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі