Маўродзі закрыў “МММ-2011” і абяцае стварыць новую піраміду (відэа)
Аднаўленне працы фінансавай піраміды “МММ-2011” у цяперашніх рэаліях проста немагчымае. Пра гэта заявіў яе стваральнік Сяргей Маўродзі.
Пра закрыццё праекту ён абвясціў 16 чэрвеня ў сваім новым відэазвароце. Ён нагадаў, што некалькі тыдняў таму ў “МММ-2011” быў уведзены “рэжым спакою”, які павінен быў стаць адказам на паведамленні пра хуткі крах піраміды. Праз гэтыя чуткі ўкладчыкі сталі актыўна забіраць сродкі з сістэмы. Маўродзі захаваў абяцаны “рэжым спакою” да 15 чэрвеня. Аднак іншае абяцанне — аднавіць працу праекта пасля нармалізацыі абстаноўкі — прадпрымальнік пакінуў нявыкананым.
Сярод прычынаў згортвання дзейнасці “МММ-2011”, Маўродзі назваў распачатыя супраць яго справы. Пры гэтым ён абяцае адкрыць новую фінансавую піраміду — “МММ-2012”. Яе мэта — разлічыцца з укладчыкамі папярэдняга праекту.
Маўродзі стаў вядомым у сярэдзіне 1990-ых гадоў як стваральнік першай у Расіі фінансавай піраміды. Уцягнутыя ў яе шматлікія ўкладчыкі тады згубілі свае грошы. Паводле розных ацэнак, ад дзейнасці Маўродзі пацярпела ад 5 да 15 мільёнаў расіянаў.
Сярод удзельнікаў "МММ-2011" ёсць і беларусы, якім ужо перасталі выплачваць сродкі.