Мільён латаў — за кожны дзень эканамічных санкцый для Беларусі

120320 Eurafokus.mp3

Ліст супраць санкцый дэпутаты напісалі на ўсякі выпадак. Бо якія гэта будуць санкцыі, ніхто не ведае. Але ў Латвійскай канфедэрацыі працадаўцаў ўпэўненыя, што любыя захады паўплываюць на суседзяў:


“Калі нават санкцыі прыменяць да асобных беларускіх бізнесменаў і прадпрыемстваў, замарозяць іх актывы… А ў беларускага бізнесу ёсць сувязь з латвійскім бізнесам… Нават такі непрамы ўплыў патэнцыйна будзе мець негатыўны ўплыў на нашу эканоміку”.


Каб пагадзіцца на ўвядзенне эканамічных санкцый, Латвія патрабуе ад ЕС... кампенсацыю. У памеры як мінімум мільярда еўра! Пра гэта заяўляе старшыня праўлення Таварыства па садзейнічанні латвійска-беларускім эканамічным сувязям Альфрэд Чэпаніс.


Дэпутат Рыжскай думы Максім Талсты называе іншую лічбу — мільён латаў (амаль 2 мільёны долараў). Але за кожны дзень!


Максім Талсты: “Мільярд — не ведаю, хто агучыў гэтую лічбу. Яе акруглілі, можна сказаць. Яна даволі сумнеўная. Гэта так — каб паказаць сваю значнасць і гонар. Але мільён у дзень — гэта абсалютна рэальная лічба”.


Дэпутат кажа, што за мінулы год паміж Беларуссю і Латвіяй вельмі павялічылася плынь турыстаў і тавараабарачэнне.


Максім Талсты: “… добрыя адносіны з нашымі партамі, ідзе вялікае перакідванне грузаў. Вядома, што гэта працоўныя месцы, якія будуць згубленыя… Нам гэта абсалютна не падабаецца. Прадставім Еўрасаюзу страты, якія панясем, калі ён увядзе санкцыі. Мой падлік, што мы будзем губляць парадку мільёну латаў штодзень! Гэта вялізныя грошы для нашай краіны! Таму, калі Еўрасаюз хоча ўвесці гэтыя санкцыі, то няхай тады лічыцца з нашымі стратамі і кампенсуе іх нам!”


Нагадаю, днямі латвійскія дэпутаты накіравалі адкрыты ліст да прэм'ера Валдыса Дамброўскіса і замежнага міністра Эдгарса Рынкевічса, які возьме ўдзел у паседжанні Савета ЕС 23 сакавіка.


“Тут не столькі страты Латвіі… У любым выпадку эканамічныя санкцыі — не метад урэгулявання іншых палітычных пытанняў. У гэтым я ўпэўненая!” — кажа ў інтэрв’ю Еўрарадыё кіраўніца парламенцкай групы Алена Лазарава.


Паводле слоў Алены Лазаравай, дэпутаты амаль усіх парламенцкіх партый выступаюць супраць. Пры гэтым яны не ведаюць, якія санкцыі рыхтуюцца! Зварот пішуць на ўсякі выпадак…


Алена Лазарава: “Ацэньваць, як адаб’юцца эканамічныя санкцыі, я не магу, бо не ведаю, у якім выглядзе іх прымуць. Магу, адзінае, канстатаваць, што ў Латвіі і Беларусі шчыльныя эканамічныя сувязі”.

Гандлёвае абарачэнне паміж Латвіяй і Беларуссю ў 2011 г. склала каля 4% агульнага гандлёвага абарачэння Латвіі. Беларусь — 12-ы па важнасці партнёр у сферы латвійскага экспарту і 6-ы — імпарту. Яна пастаўляе Латвіі 90% дызельнага паліва.


Нагадаю, 23 сакавіка адбудзецца паседжанне Савета ЕС. На ім могуць пашырыць санкцыі супраць уладаў Беларусі, калі не вызваляць палітычных вязняў. Разам з тым, гаворка вядзецца пра кропкавыя санкцыі ў дачыненні да асобных грамадзян, а не пра ўвядзенне маштабных эканамічных абмежаванняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі