Міліцыя ўварвалася на спектакль Свабоднага тэатра
У Мінску міліцыянты ўварваліся ў будынак, дзе акторы Свабоднага тэатра паказвалі спектакль "Спасцігаючы каханне".
Як паведамляе сайт "Хартыя'97", міліцыянты спаслаліся на тое, што іх выклікалі суседзі. Міліцыянты перапісалі пашпартныя звесткі мэнэджара тэатра Святланы Сугакі і загадалі да заўтра падрыхтаваць пашпартныя звесткі ўсіх акцёраў. Міліцыянты хацелі перапыніць спектакль, аднак Сугака ўгаварыла іх не рабіць гэта.
Па словах кіраўніка Свабоднага тэатра Мікалая Халезіна, міліцыянты пастаянна наведваюць спектаклі тэатра. Двойчы гэта заканчвалася арыштам усіх прысутных. Супрацоўнікі міліцыі пастаянна спасылаюцца на скаргі суседзяў, хаця Свабодны тэатр арандуе асобны будынак.
"Спасцігаючы каханне" — п'еса пра выкрадзенага і зніклага бізнэсоўца і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага і яго жонку Ірыну Красоўскую.
Сцэна са спектакля "Спасцігаючы каханне" — dramaturg.org