Мінчанка хоча адсудзіць у Беларусбанка 5000 долараў за дэвальвацыю
Ніна Мірашнічэнка лічыць, што яна страціла менавіта такую суму.
Пра гісторыю 80-гадовай мінчанкі піша "Комсомольская правда". Нагадаем, што ў траўні мінулага года айчынны рубель зваліўся на 55%. У Мірашнічэнкі на рахунку ляжала амаль 49 млн рублёў. Такую суму яна атрымала, калі прадала гараж і садовы ўчастак у Раўбічах, якія засталіся ў яе пасля смерці мужа.
Жанчына падала на Беларусбанк у суд. Па яе словах, у банку яе пераканалі рабіць уклад не ў расійскіх рублях, як яна хацела, а ў беларускіх. Мірашнічэнка заяўляе, што яна заўжды верыла дзяржаве, а па тэлевізары казалі, што ў нас стабільны курс рубля. Таму дэвальвацыя стала для яе вельмі непрыемным сюрпрызам.
У Беларусбанку ад каментароў па гэтай справе адмаўляюцца. Банк, аднак, даслаў Мірашнічэнцы ліст, у якім гаворыцца, што дзеяннямі супрацоўнікаў банку якіх-небудзь страт Ніне Мірашнічэнцы не прычынена.
Суд прызначаны на 17 лютага.