"Мінск" перамог "Нафтан" і абышоў у турнірнай табліцы БАТЭ
Праўда, барысаўчане згулялі на дзве гульні менш, чым сталічная каманда.
У пятніцу адбыўся адзін матч 6-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. "Мінск" у гасцях выйграў у наваполацкага "Нафтана" з лікам 2:1. Разін адкрыў лік з пенальці на 7-й хвіліне, на 48-й вызначыўся Ковель. Гаспадары поля здолелі забіць толькі адзін гол у адказ, на 67-й хвіліне гэта зрабіў Жукоўскі.
Іншыя матчы 6-га тура пройдуць 21 красавіка: "Шахцёр" (Салігорск) — "Брэст", "Тарпеда-БелАЗ" (Жодзіна) — "Белшына" (Бабруйск), "Дынама" (Мінск) — БАТЭ (Барысаў), "Гомель" — "Славія-Мазыр".
Пакуль у чэмпіянаце лідыруе "Шахцёр", у якога 12 ачкоў пасля 5 матчаў, 11 ачкоў мае мінскае "Дынама". "Мінск" выйшаў на трэці радок з 10 ачкамі, але пасля 6 матчаў. У БАТЭ — 9 ачкоў пасля 4 гульняў.
На здымку: Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка і галоўны трэнер "Мінска" Вадзім Скрыпчанка (былы трэнер барысаўчан). Фота — pressball.by