Мінспорту Беларусі замахваецца на манаполію "Белавія"
Для развіцця ўязнога турызму ў Беларусі неабходна адкрыць доступ на рынак авіяперавозак замежным авіякампаніям.
Такое меркаванне выказаў сёння дырэктар дэпартамента па турызме Мінспорту і турызму Вадзім Кармазін, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
Паводле яго слоў, Беларусь наўрад ці выйграе ад таго, што на рынку будзе працаваць толькі адзін авіяперавозчык. "Здаровая канкурэнцыя павінна быць", — адзначыў Вадзім Кармазін. Многія краіны, уключаючы ўсіх суседзяў Беларусі, ужо выкарыстоўваюць магчымасці прыцягнення бюджэтных авіякампаній, якія прапануюць нізкія кошты на квіткі.
Яшчэ адным фактарам, які стрымлівае развіццё ўязнога турызму, дырэктар дэпартамента назваў візавы рэжым.