Мінспорту так і не вярнула стыпендыю лыжніку Сяргею Далідовічу
Чыноўнікі вырашылі, што забяспечваць спартоўца мусіць Федэрацыя лыжнага спорту.
Два тыдні таму Еўрарадыё распавядала, як лідар лыжнай зборнай Беларусі Сяргей Далідовіч згубіў імянную стыпендыю ў 600 еўра. Лыжнік атрымаў яе ў сакавіку 2010 года за 4-е месца ў 30-кіламетровым дуатлоне на чэмпіянаце свету ў Нарвегіі. Але праз бюракратычнае непаразуменне сёлета ў студзені Мінспорту пазбавіла яго гэтых грошай.
Сяргей Далідовіч: “У Міністэрстве спорту была нарада з удзелам “галоўнага”. Сказалі, што ніякіх зрухаў не будзе. Усе пытанні перакінулі на Федэрацыю. І цяпер на ўзроўні Федэрацыі вырашаюць пытанне пра кампенсацыю за тое, чаго не зрабіла міністэрства”.
За студзень 38-гадовы спартовец атрымаў заробак у 140 еўра. Ён кажа Еўрарадыё, што падаць у Мінспорту дакументы, каб вярнуць стыпендыю, зможа толькі ўлетку, падчас чарговай атэстацыі. Калі яго просьба не будзе задаволеная, Далідовіч, верагодна, пакіне зборную Беларусі па лыжных гонках.