Місія МВФ рэкамендуе абмежаваць рост заробкаў беларусаў у 2013 годзе
Міжнародны валютны фонд занепакоены тым, што беларускія ўлады ставяць перад эканомікай супярэчлівыя мэты.
Пра гэта 25 сакавіка на брыфінгу ў Мінску заявіў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман.
У прыватнасці, фонд указвае на планы ўрада па мэтавым паказчыку эканамічнага росту на ўзроўні 8,5% пры ўтрыманні інфляцыі ў межах 12%. "Для выканання паказчыкаў росту ВУП неабходна аслабленне мер эканамічнай палітыкі, што можа паставіць пад пагрозу мэтавы паказчык інфляцыі і стварыць націск на абменны курс", — сказаў Хофман.
Абмежаванне росту заробкаў мае ключавое значэнне для садзеяння стрымліванню попыту і аднаўлення канкурэнтаздольнасці. Дэвід Хофман звярнуў увагу на тое, што летась у выніку істотнага павышэння заробкаў "была страчаная значная частка павышэння канкурэнтаздольнасці, атрыманай у выніку дэвальвацыі 2011 года".
Місія рэкамендуе абмежаваць рост зарплат у 2013 годзе на 12%, што адпавядае мэтаваму паказчыку інфляцыі, паведамляе БелаПАН.