МММ-2011 развалілася канчаткова, беларускія ўкладчыкі засталіся без грошай
Арганізатары піраміды абяцаюць вярнуць толькі першапачатковыя ўклады і не раней як праз месяц.
"МММ-2011 перастала існаваць. Можна выплаціць толькі намінал плюс 10 працэнтаў", — расстройваюць мінскія прадстаўнікі піраміды падманутага ўкладчыка.
Два тыдні таму ў МММ быў абвешчаны рэжым спакою. Уклады перасталі вяртаць. Тады беларусаў суцяшалі: маўляў, пройдзе час і можна будзе забраць.
"Пачалася паніка. Там у правілах напісана, трэба было іх чытаць. Маўродзі ўвёў рэжым спакою, каб піраміда не развалілася. Каб людзі адумаліся, спыніліся. Спадзяемся, што ўсё будзе добра", — запэўнівала нас два тыдні таму прадстаўніца піраміды.
Цяпер грошы нібыта пачалі выдаваць, але іх няма, і чакаць давядзецца можа месяц, а можа і больш. Пры гэтым нас папярэджваюць: вернуць не ўсе грошы, а толькі тое, што ўклалі першапачаткова. Плакалі нашы 50 долараў, якія мы разлічвалі атрымаць, уклаўшы 20. Бонус за рэгістрацыю ў выглядзе 20 долараў не аддадуць, бонус 50 працэнтаў ад першай унесенай сумы таксама. Атрымоўваем тыя самыя 20, якія і ўклалі! Плюс 10% у месяц, а не абяцаныя 40. Калі вернуць, заробім 2 долары.
"Рэжым спакою адмянілі. Я зрабіла запыт на грошы. Але калі яны прыйдуць, невядома. Абяцаюць вярнуць усё за 2-3 месяцы. Аднак выплацяць без працэнтаў — толькі намінал плюс 10%. Карацей, падмануў ён, кінуў усіх зноў, — канстатуе наш дзясятнік. — Хоць бы вярнуць намінал свой".
Маўродзі ўжо запусціў новую піраміду МММ-2012. Туды прапануюць уносіць грошы новым укладчыкам і разглядаюць магчымасць, каб перавесці грошы з укладаў МММ-2011. Даверлівыя беларусы не супраць.
"Як варыянт можна будзе перакінуць гэтыя грошы ў МММ-2012. Там будуць расці бонусы і ўсё іншае. Многія, амаль палова, хоча перакінуць у МММ-2012. Вераць, кажуць, што без пытанняў, калі можна перавесці, давайце", — расказвае прадстаўніца МММ у Мінску.
У Расіі ашуканыя ўкладчыкі пачынаюць помсціць кіраўніцтву піраміды. У горадзе Пяцігорску спалілі Nissan Qashqai, які належаў мясцовай прадстаўніцы МММ. У Беларусі, праўда, усё спакойна. Калі ў Расіі людзі засталіся падманутымі, то тут ведалі, на што шлі.
"Усе ведалі, што яны рабілі, што гэта была рызыка. Таму ўсё спакойна, і спадзяемся забраць хаця б гэта", — расказвае ўкладчык.
Дарэчы, у многіх мінскіх укладчыкаў у МММ засталося па 200-400 долараў. У міліцыі нам параілі звяртацца з заявай. Але прызналіся, што наўрад ці нешта з гэтага выйдзе. Рахункі ў Расіі, дакументаў, якія б пацвярджалі перадачу грошай у піраміду, няма.
У Следчым камітэце паведамілі, што затрыманыя ў Мінску кіраўнікі МММ па-ранейшаму знаходзяцца пад вартай.
"Мера стрымання адносна гэтых людзей не змянялася. Але пакуль у інтарэсах следства ніякай новай інфармацыі не даем".
Следчыя не кажуць, ці звярталіся да іх пацярпелыя, як і колькі людзей аддалі свае грошы ў піраміду. Раней у беларускай МММ налічвалася некалькі тысяч укладчыкаў.
Фота з сайта mavrod.ru