Мортэн выступіў для тых, хто не паспеў развітацца з A-HA
Хоць афіцыйна гэты тур быў у падтрымку новага сольнага альбома. Ці стаў прыезд спадара былога вакаліста легендарнага гурта Падзеяй? Такой, як два гады таму?
“Вядома, гэта падзея! Паглядзіце на афішы, што тут ёсць? Куды хадзіць, што глядзець? Кіркорава?” – аналізаваў сітуацыю знаходлівы мінак, якога Еўрарадыё сустрэла на вуліцы на 10-й хвіліне канцэрта. Той удала стаў збоку Палаца спорту і мог “падглядаць” канцэрт Мортэна праз дзве празрыстыя дзверы і адну адчыненую, акурат насупраць сцэны і вакаліста. Мінака звалі Пеця, і ён быў амаль на ўсіх гучных канцэртах Мінска, а тут пашкадаваў на квіток 300 тысяч, хоць і адвешваў кампліменты канцэрту:
“Для цяперашняй сітуацыі і гэта ўжо нехта, няхай гэты музыка ўжо і “з дымком”.
У самога музыкі аказалася ўсё акурат наадварот – ніякай адмысловасці ў прыездзе ў Мінск. Больш за тое, як і належыць вялікім зоркам, ён асабліва не замарочваўся геапалітычнымі тонкасцямі і ветліва і меланхалічна гаварыў беларускім журналістам пра Мінск, як пра горад “дзесьці ў Расіі”:
“Ёсць шэраг краін, наведаць якія для мяне было б цалкам натуральна пасля ўсіх гадоў, што я спяваў у A-HA, і Расія таксама адна з гэтых краін, і гэты горад таксама ў гэтым шэрагу. Але ніякіх прыярытэтаў не існуе. Тур пачаўся з Расіі выключна з лагістычнай нагоды”.
Тур, пра які сказаў Мортэн – у падтрымку новага сольнага альбома Out of My Hands (трэцяга па ліку!), назву якога можна перакласці як “тое, што выйшла з-пад рук… было выраблена імі".
“То бок, гэты альбом быў зроблены мной, – расказваў Мортэн. – А сама песня Out Of My Hands прысвечана жыццю, смерці і таму, адкуль мы ўсе прыйшлі”.
Магчыма, такія глыбокія тэмы паўплывалі на тое, што ў зале Палаца спорту, запоўненай на дзве траціны, панавалі цішыня і трансава-замбічная атмасфера. Песня за песняй - нічога не мянялася ні на сцэне, ні пад сцэнай. Музыкі метадычна кармілі публіку рэтра-песнямі (нават тыя, што з новага альбома, гучалі як з далёкіх шчаслівых 80-х). А публіка слухала і слухала, спакойна і безэмацыйна. Зала разварушылася толькі пад канец, калі пайшоў “біс” і хіты A-HA. Але што за фігня? Чалавек жа стараўся, новы альбом пісаў? Ці ацанілі яго мінчукі? Ці змаглі адрозніць сольныя песні ад А-HA?
“Не, я не змог. Для мяне гэта ўсё адно, – расказаў Еўрарадыё мужчына - адзіны, які прыплясваў паблізу. – Мортэн няхай што хоча, тое і робіць. Я проста гатовы ўпасці на калені перад гэтым выканаўцам, таму што гэта спявак маёй маладосці і яго вельмі люблю!”
У гэтага мужчыны, якога звалі Саша, па сапраўднаму свяціліся вочы і ён дасылаў музыкам паветраныя пацалункі.
А вось дзве дзяўчыны - Каця і Таня ў гэты ж час літаральна збягалі з канцэрта. Яны не хацелі заставацца на біс і зыходзілі прама на кульмінацыі.
“Склалася ўражанне працы не ў поўную сілу, не хапіла драйву, – сказала Таня. – Неяк шмат папсовасці ў ягоных новых песнях, напэўна, з яго новага альбома. Мне падаецца, што ён выехаў на імені A-HA, а канцэрт мяне расчараваў”.
“Насамрэч засталося ўражанне памірання, – дадала сяброўка Каця. – Мне падалося, што ён даходзіць да скону, што гэта апошняе, на чым можна зарабіць нейкія грошы. Хоць голас, вядома, шыкоўны ў чалавека”.
Пакуль мы слухалі адказы дзяўчат, у галаве няспынна круціліся словы самога Мортэна, якія ён сказаў журналістам перад канцэртам:
“Музыка была маім жыццём апошнія… дайце успомніць… 30 гадоў. І ў мяне дагэтуль няма нагоды для таго, каб хацець спыніцца. У мяне ёсць яшчэ порах ў парахаўніцах!”
Больш фота Мортэна ў Мінску глядзіце ў Фэйсбуку Еўрарадыё.