Фестываль "Можно!" пазнаёміў мінчан з новымі актуальнымі праектамі

Днямі ў мінскім клубе Re:Public прайшоў чацвёрты фестываль актуальнай беларускай музыкі "Можно!". Яшчэ напярэдадні імпрэзы здзіўляла тое, што ў лайн-апе няма ўжо сталых удзельнікаў, напрыклад, "Петли Пристрастия", AddisAbeba, ці той жа "Серебряной свадьбы". Затое з'явілася шмат новых імёнаў, прычым новых не толькі для фэсту. Кіраўнік канцэртна-прадзюсарскага цэнтра Bo Promo Аляксандр Багданаў заўсёды пазіцыянуе гэтае мерапрыемства як “музыка на свой ўласны густ”. Але дадае, што ўсё ж спрабуе збіраць сапраўды актуальныя каманды, якія штосьці зрабілі за мінулы год.


Сёлета на фестывалі з'явіліся гурты Lilac, Wasp'n'Hornet, новы праект Святланы Бень "Оркестр минималистов-додоистов "ДоДо" і новы электронны праект Русі "Шума". Дарэчы, жывая электронная музыка на фэсце прагучала ўпершыню і пакінула публіку задаволенай. Сама Руся прызналася пасля выступу, што не чакала такога поспеху. Праўда, часам голас другой вакалісткі "Шумы" Надзеі Чугуновай знікаў і даволі надоўга. Але гэта пытанне не да музыкаў, а да звычайных праблем з гукам у клубе Re:Public.

Тыя ж RockerJoker гучалі нібыта з суседняга пакою праз зачыненыя дзверы. І гэта нягледзячы на тое, што Аляксандр Багданаў пастараўся зрабіць усё магчымае каб выправіць гэтую сітуацыю: напрыклад у клуб для фестывалю прывезлі электронны пульт.


Дарэчы, сцэнічнае афармленне таксама было зроблена па-новаму: выступы калектываў суправаджаліся трохмернымі праекцыямі.


Як заўжды і бывае, з кожным наступным гуртом натоўп усё больш і больш пачынаў рухацца і ўсё менш і менш звяртаць увагу на хібы з гукам. Новы праект Бені аркестр "ДоДо" ўспрынялі па-рознаму. Шмат хто чамусьці не аддзяляў новы праект ад "Серебряной свадьбы". Іншыя наадварот расчаравана казалі, што з "СС" гэты праект проста не параўнаць, і што Беня карыстаецца напрацаванай папулярнасцю. Але большасць усё ж была ў захапленні, толькі выказвалі падазрэнні, што "ДоДо" гэта замена "Свадьбе", якая хутка спыніць існаванне. Але пасля выступу Беня абвергла гэтыя чуткі, дадаўшы, што зараз гурт працуе над падвойным дыскам і новай праграмай "Музыка для букашек", якую прэзентуе ўжо вясной.


Жывая частка чарговага амаль дзесяцігадзіннага фестывалю "Можно!" скончылася выступамі Botanic Projekt ды "Кассиопеи", якія паставілі тлустую кропку ў канцэрце і, падавалася, ўзнялі з месцаў нават лайдакоў і моцна стомленых. Разыходзіліся ўсе на пазітыве ды з размовамі пра наступны фэст, які "шкада, але будзе яшчэ не хутка".


Нагадаем, што першы фестываль "Можно!" прайшоў у Маскве ў 2008-м годзе. Другі таксама быў праведзены ў Расіі, а потым прыехаў у Мінск. Зараз Аляксандр Багданаў плануе пашырыць геаграфію фэсту, бо вядуцца размовы з Піцерам, безумоўна Масквой, а таксама Варшавай ды Вільняй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі