"Мутнаевока" прадставіць Беларусь на фестывалі "Соседний Мир"
Прайшоў беларускі адборачны тур фестывалю "Соседний мир", які адбудзецца ў Крыме з 5-га па 7-е жніўня.
Пераможцам стаў мінскі гурт "Мутнаевока", які атрымаў грашовы прыз і права на выступ на галоўнай сцэне фестывалю. Другое месца заняў гурт "Sang Sattawood", які таксама адправіцца на "Соседний мир" і выступіць на другой сцэне фестывалю.
Усяго на ўдзел у адборачным туры было пададзена каля 150 заявак. З іх арганізатары абралі ўсяго 7 гуртоў "БЕЗ ПАНИКИ", "Barbados", "Блины", "Мутнаевока", "ZVENO", "Sang Sattawood", "Screenshot Band", якія і прынялі ўдзел у канцэрце-адборы.
Пераможцы абіраліся шляхам галасавання гледачоў і журы. Нягледзячы на тое, што гурту "Мутнаевока" відавочна сімпатызавала большасць гледачоў, гурт застаўся ўражаны нечаканай перамогай.
"Гэта праўда, што мы ніяк не чакалі, што нас абяруць. – дзеліцца ўражаннямі Яўген Змушко, вакаліст гурта "Мутнаевока". - Мы не ішлі туды з мэтай перамагчы. Але навіна, што мы аказаліся ў пераможцах прывяла нас у прыемны шок. Вядома, будзе прыемна прадстаўляць Беларусь ва Ўкраіне. Таму нельга ўпасці тварам у бруд".
Музыканты гурта ўвогуле спадзяюцца, што гэтае лета для іх стане па-сапраўднаму фестывальным: "Мутнаевока" збіраецца паўдзельнічаць яшчэ ў шэрагу фестываляў, але пакуль чакае пацверджання заявак і рыхтуе летнюю праграму.
Яўген Змушко: "Хутчэй за ўсё, гэта будзе нешта хуткае і дынамічнае, добра падабраны матэрыял хвілін на 40. Я думаю, што мы паедзем туды такімі вясёлымі, размалёванымі, у гавайскіх кашулях і каралях. Нібыта на фестываль Вудсток!Такія шчаслівыя хіпары".
Нагадаем, што на фестываль "Соседний мир" рыхтуецца спецыяльны бас-тур з Мінска.
Фота: http://photocentra.ru