Музычныя скарбы Еўропы прагучаць у Нясвіжскім замку
Тэатральная зала палацу на тры месяцы адкрые свае дзверы для канцэртаў класічнай музыкі ў выкананні ансамбля “Кантабіле”.
Музычны дом "Класіка" рыхтуе цыкл канцэртаў у сценах Нясвіжскага замку. Прэм’ера праекту адбылася ў ліпені. За гэты час аўтары і ідэйныя натхняльнікі Музычнага дому паразважалі над канцэпцыяй імпрэзаў і вырашылі "стаць бліжэй да народа" . А менавіта, кажа Аляксандр Чахоўскі, скарэктаваць праграму з улікам пажаданняў гасцей і партнёраў:
"То бок мы максімальна адаптавалі праграму і для людзей, якія не так часта бываюць на такіх мерапрыемствах. Мы дадалі ў яе крыху больш пазнавальных твораў. Таму там з’явіўся Бах, Агінскі і шэраг іншых. Астатнія творы будуць менш вядомымі, але не менш цікавымі".
Усе творы, якія ўваходзяць у праграму, у розныя часы гучалі ў рэзідэнцыі Радзівілаў. Таму імпрэзы Музычнага дому "Класіка" стануць своеасаблівымі канцэртамі-экскурсіямі. Вядучы распавядзе пра гісторыю стварэння кожнага твору і яго узаемасувязі з нашай краінай, Радзівіламі і Нясвіжам.
Канцэрты ансамбля старажытнай музыкі "Кантабіле" будуць ладзіцца кожную суботу і нядзелю ў 12 і ў 17 гадзін цягам трох месяцаў. Да зімняга сезону Музычны дом "Класіка" падрыхтуе новую, адмысловую праграму.
Квіткі на канцэрты можна браніраваць па нумары 7360 ці набыць праз kvitki.by альбо непасрэдна ў Нясвіжскім замку.