Музыкі вырашылі дапамагчы беларускаму кінематографу

Рок-музыкі вырашылі дапамагчы беларускаму кіно скончыць з яго няўдачамі і ўзялі ўдзел у працы над фільмам “Дастыш Фантастыш” рэжысёра Аляксандра Канановіча.

Над саўндрэкам да фільму працавалі знакамітыя гурты – “Крамбамбуля”, “Нака”, “Дзецідзяцей”. Стваральнікі “эксцэнтрычнага трылера з элементамі вадэвіля” “Дастыш Фантастыш” у бліжэйшай будучыні збіраюцца выпусціць асобным выданнем саўндтрэк да фільма. Як распавёў Еўрарадыё адзін з саўндпрадзюсераў кінастужкі Стас Логвін, у дыск увойдуць не толькі кампазіцыі з фільма:

Стас Логвін: “Там будзе 5 альбо 7 трэкаў, якія гучаць у фільме, і каля такой жа колькасці трэкаў, блізкіх па духу гэтаму кінафільму з пункту гледжання яго рэжысёра і прадзюсераў саўндтрэку, то бок мяне і Рамана Арлова”.



Прэм’ера новага беларускага кінапрадукту запланаваная на 16-га красавіка ў мінскім кінатэатры "Кастрычнік". А 23-га красавіка ў “Рэактары” адбудзецца канцэртная прэзентацыя фільма і саўндтрэку да яго. Па словах Стаса Логвіна ўдзельнікі канцэрту не атрымаюць за свае выступы ганарараў, таму імпрэзу можна лічыць гуманітарнай акцыяй:

Стас Логвін: “Можна сказаць, што гэта ў нейкай ступені гуманітарная акцыя ― акт падтрымкі беларускай рок-музыкай беларускага кіно. Таму што музыка ўжо нейкім чынам самасцвердзілася ў свядомасці публікі, а вось кіно фактычна знаходзіцца за мяжою быцця і масавай свядомасці”.

Апроч аўтараў саўндтрэку на сцэне з'явіцца гурт “Разбітае сэрца пацана”, а таксама новы праект экс-гітарыста J_Морс Рамана Арлова пад назвай “У нескладовае”. Па словах Рамана, новы калектыў ствараўся спецыяльна, каб папулярызаваць беларускую музыку ў Расіі:

Раман Арлоў: “Прынцыповым для мяне ў гэтым праекце з’яўляецца тое, што база яго часткова размешчана ў Маскве, і мы папулярызуем ідэю музыкі на беларускай мове ў межах суседняй дзяржавы”.

Разам з Арловым у праекце “У нескладовае” ўдзельнічаюць Ганна Хітрык, Юля Глушыцкая, Андрэй Сапоненка (“Дзецідзяцей”), Віктар Рудэнка (“Далі”), Яўген Чалышаў (“Харлі”), Лёша Стокс (“Стокс”), Канстанцін Гарачы, Слава Сергяенка і Вадзім Марголін. Паводле Рамана, “У нескладовае” – гэта радыёфарматная папулярная музыка:

Раман Арлоў: “На мой погляд, першы сінгл пакажа, што гэта радыёфарматная сучасная музыка для дарослых, поп-рок у нейкім сэнсе з невялікімі адхіленнямі ў сумежныя стылі, такія як арт-рок, хіп-хоп… Карацей, сучасная музыка ў шырокім разуменні”.

Прыблізна ў кастрычніку “У нескладовае” плануе выдаць дэбютны паўнафарматны альбом, куды ўвойдуць каля 12 песень. Яго прэзентацыя адбудзецца ў Мінску і Маскве.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі