На Брэстчыне за год павялічыўся дэфіцыт лекараў
Калі летась не занятымі былі 760 вакансій, то да Дня медработніка сёлета дэфіцыт узрос да 780.
Гэтыя вакансіі закрываюць, у асноўным, пенсіянеры, паведамляе “Брестская газета”, цытуючы начальніка Ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Ігара Ласіцкага. У лякарнях і паліклініках вобласці кожны пяты — пенсіянер.
Некаторыя паліклінікі ўкамплектаваныя кадрамі толькі на 35 адсоткаў. Сёлета прыйдуць на працу больш за 200 дыпламаваных медсясцёр і фельчараў, але яны змогуць закрыць толькі трэцюю частку штатнай патрэбы ў медыках ніжэйшага звяна. Прычына недахопу — у нізкіх заробках, асабліва ў маладых спецыялістаў, якія не атрымліваюць надбавак і даплатаў, сказаў Ігар Ласіцкі.