На даму прагаласавала ў 4 разы больш, чым на ўчастку
Без гэтых галасоў на магілёўскіх участках выбары б не адбыліся (копіі пратаколаў).
Еўрарадыё заўважыла неверагодныя лічбы людзей, якія прагаласавалі на даму на некалькіх выбарчых участках у Магілёве. Без гэтага электарата выбары б не адбыліся!
Звычайна на даму галасуе каля 30 чалавек. Але вось выбарчы ўчастак № 62 у Магілёве. Там свой грамадзянскі абавязак выканалі 835 чалавек, з іх 248 — па месцы жыхарства.
"Абсалютна фантастычная лічба. Больш за 50 чалавек проста немагчыма абыйсці ў дзень галасавання. Калі б яны сапраўды змаглі сабраць 248 галасоў па кватэрах, сябрам камісіі давялося б хадзіць як мінімум суткі з іх дзвюма скрынямі для галасавання, — кажа назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Колчын. — Першы раз мы хадзілі раніцай больш за гадзіну, набралі 6 галасоў. Другі раз пасля абеду, там было каля 10".
А потым сябры камісій схадзілі яшчэ некалькі разоў без назіральніка. І назбіралі агулам… 248 подпісаў! Калі б гэтых подпісаў не было, яўка на выбарчым участку склала бы 41%. А так 59% — і выбары адбыліся.
"Даходзіць да абсурднага, На адным выбарчым участку нібыта запісалася 367 чалавек для галасавання на даму. Назіральнікі засяклі час,і атрымалася на кожнага выбаршчыка па паўтары хвіліны", — распавядае каардынатар назіральнікаў Зміцер Салаўёў.
Яшчэ круцейшы вынік — на выбарчым участку №65, дзе з 1234 чалавек на даму прагаласавалі... 512!
"На даму прагаласавалі 512 чалавек за 2,5 гадзіны, — распавядае назіральнік Томас Якавіцкі. — Прычым, калі пайшлі дзве групы, з адной я накіраваў напарніка. Яны за гэты час сабралі толькі 10 подпісаў. Другая група, што пайшла без назіральніка, сабрала 502 подпісы".
А самае дзіўнае галасаванне адбылося на выбарчым участку №69. Тут у выбарах паўдзельнічалі 1138 чалавек, з іх на даму прагаласавала… 807! Гэта 51% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў на ўчастку. Астатнія маглі не галасаваць, бо выбары адбыліся! Калі б не было галасавання на даму, яўка склала б толькі 21%, а так маем рэкордныя 72%. Паводле слоў назіральніка Юрыя Дарашэнкі, па кватэрах галасы збіралі ўвесь дзень.
"Шэсць сябраў камісіі апрануліся і а 8:15 раніцы накіраваліся ў невядомым напрамку. Яны так і не паказаліся на выбарчым участку, прыехалі толькі пад канец дня а 19:40. Спачатку палічылі датэрміновыя скрыні. Маленькая кучка — 137 галасоў. Затым гэтыя самыя скрыні. Іх не змаглі вытрасці. Яны літаральна былі набітыя. У выніковым пратаколе аказалася, што там 807 бюлетэняў. Было смешна, калі асобна высыпалі дзве вялікія скрыні для асноўнага дня галасавання. У іх аказалася 194 бюлетэні".
Яшчэ як мінімум на 5 участках у Магілёве, згодна з дадзенымі назіральнікаў, на даму прагаласавалі больш за 200 чалавек, без іх выбары б не адбыліся.
Паводле закону, каб прагаласаваць дома, трэба было напісаць заяву ці вусна паклікаць да сябе.
Участак |
Выбарцаў |
Прагаласавалі |
Датэрмінова |
У асноўны дзень |
На даму |
Яўка |
Яўка без галасавання на даму |
62 |
1415 |
835 |
216 |
371 |
248 |
59% |
41% |
69 |
1570 |
1138 |
137 |
194 |
807 |
72% |
21% |
65 |
1835 |
1234 |
155 |
567 |
512 |
67% |
39% |