На Еўрабачанне паедзе "пратэжэ віцебскага аблвыканкама" (відэа+фота)

Па выніках "Еўрафэсту", які прайшоў 14 лютага ў Палацы спорту, прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні-2012" будзе 26-гадовая заслужаная спявачка краіны Алена Ланская.

Гурт Litesound і спявачка Гюнэш, якія ўжо па 6 гадоў удзельнічаюць у нацыянальным адборы, чарговы раз занялі другое і трэцяе месцы адпаведна. Вікторыя Алешка засталася на 4-й пазіцыі, ну а пятую заняў спявак Uzari.

Нагадаем, некалькі дзён таму з'явілася інфармацыя, што віцебскае абласное ўпраўленне культуры разаслала візітоўку Алены Ланской, якую ўсім дзяржаўным установам параілі распаўсюдзіць сярод супрацоўнікаў. Гэта абурыла іншых фіналістаў адбору. Да прыкладу Зміцер Каракін, адзін з заснавальнікаў гурта Litesound, лічыць такую агітацыю злачыннай:

"На мой погляд гэта паказвае слабасць гэтага канкурсанта і не ўпэўненасць у сваіх сілах, калі яму трэба карыстацца такімі злачыннымі метадамі, падключаць адміністратыўны рэсурс ды сувязі. Зразумела, што калі такі прадстаўнік паедзе на "Еўрабачанне", то ў Еўропе поспеху ў яго дакладна не будзе. Натуральна, гэты факт ужо выйшаў за межы нашай краіны і абмяркоўваецца на форумах "Еўрабачання" ў Еўропе, бліжэйшым замежжы... Таму такі прадстаўнік будзе ўспрымацца негатыўна".

А вось куратару "Еўрафэста" Аляксандру Ціхановічу рассылка візітовак праз дзяржустановы падалася цалкам нармальнай:

"Мы гэтага не рассылалі, яны гэта таксама не рассылалі. Яны ўсе зараз займаюцца сваімі справамі, таму я не думаю, што гэта яна сама зрабіла. Па-другое, напрыклад, калі выбіраюць прэзідэнта, дазволена ж любая агітацыя, праўда? Ну, зрабілі людзі, узялі — даслалі, няхай і іншыя таксама зробяць. Я не бачу ў гэтым нічога. У нас няма ў палажэнні ніякіх такіх абмежаванняў. А калі ўжо такое адбылася і людзі прагаласуюць, ну і добра! Значыць спрацавала і дзякуй Богу! І іншым таксама трэба было так зрабіць!"

Аляксандр Ціхановіч, як у ваду глядзеў... Праўда, пасля абвяшчэння вынікаў галасавання ні адзін з братоў Каракіных, ні Гюнэш Абасава за заахвочвальнымі прызамі ды дыпломамі ўдзельнікаў на сцэну не выйшлі.

Нагадаем, "Еўрабачанне-2012" пройдзе ў сталіцы Азербайджана Баку. Першыя паўфіналы, у адным з якіх і паспрабуе дамагчыся поспеху Алена Ланская, пройдуць 22 і 24 траўня. Фінал адбудзецца яшчэ праз два дні, 26-га траўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі