Выканкамы Віцебшчыны агітуюць за фіналістку "Еўрафэста" Алену Ланскую

Начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама прапанаваў сваім падначаленым рэкламаваць менавіта гэтую ўдзельніцу конкурса. Копію ліста чыноўніка апублікавала "Народная воля". Да яго прыкладзеная лістоўка з біяграфіяй спявачкі, якую трэба "размясціць на рэкламных шчытах і стэндах ва ўсіх установах культуры, а таксама памножыць і распаўсюдзіць сярод маладзёжнай аўдыторыі і творчых працаўнікоў".

Візітоўка Алены Ланской ужо размешчаная ва ўстановах культуры Оршы і на мясцовых сайтах. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў аддзеле культуры аршанскага гарвыканкама:
120210 Orsza-1.mp3
"Яе разаслалі паўсюль, каб мы проста інфармавалі ва ўстановах культуры і на прадпрыемствах, што яна бярэ ўдзел... Пакуль мы бачылі толькі Ланскую".

У аддзеле культуры дадалі, што і ў мінулыя гады да іх прыходзілі падобныя лісты з візітоўкамі ўдзельнікаў.

Нагадаем, фінал нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" адбудзецца ў жывым эфіры Беларускага тэлебачання 14 лютага. Гледачы змогуць галасаваць за яго ўдзельнікаў.

Акрамя Алены Ланской у фінал выйшлі Гюнэш, гурт Litesound, Юзары і Вікторыя Алешка.

***

Яўген Алейнік: Гэта абуральны факт, які кажа пра тое, што адбываецца несумленная падрыхтоўка да галасавання

Прадзюсер іншай фіналісткі Еўрафэсту Вікторыі Алешкі, а таксама сябра журы Яўген Алейнік у гутарцы з Еўрарадыё абураецца:
120210 Olejnik-1.mp3
"Для мяне гэта навіна. Навіна, скажам прама, дзіўная. Я нічога не маю супраць таго, каб сябры, калегі, сваякі выканаўцаў агітавалі на ўзроўні просьбаў і тэлефонных званкоў сваіх сяброў. Я абсалютна не маю нічога супраць, калі прыватныя прадпрыемствы на ўзроўні кіраўніцтва просяць падтрымаць пэўнага выканаўцу, бо там працуюць яго бацькі, ці ён калісьці выступаў там бясплатна. Але калі гэта адбываецца на ўзроўні дзяржаўнага чыноўніка, то гэта ўжо свядомая дыскрымінацыя астатніх выканаўцаў.

Адзінае, што на мой погляд, як сябра журы, могуць рабіць арганізатары — гэта агітаваць людзей глядзець "Еўрафэст". Я ўвогуле не разумею, якім месцам гэтая інфармацыя можа распаўсюджвацца на карысць аднаго артыста. Я не ведаю, ці ёсць нейкія нарматыўныя дакументы, якія забараняюць лабіраванне. Але з пункту гледжання нармальнай прыстойнасці гэта што атрымліваецца, усім астатнім артыстам трэба адмовіцца ад выступаў у Віцебскай вобласці, напрыклад, з дабрачыннымі канцэртамі?

Усе выступаюць паўсюль у роўнай ступені. Усе ў роўнай ступені роўныя перад беларускім народам. Хто ўвогуле ўзяў на сябе смеласць агітаваць цэлую вобласць на карысць аднаго артыста? Я лічу, гэта абуральны факт, які кажа пра тое, што адбываецца несумленная падрыхтоўка да галасавання. Калі гэтая папера існуе насамрэч, то я абавязкова, як сябра журы, данясу яе да аргкамітэту. Бо не могуць дзяржаўныя прадрыемствы (тым больш гэта цэлая вобласць!) вось так аднабакова ўспрымаць праект!"

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі