На Ганцаўшчыне паспяховыя калгаснікі адмовіліся далучаць адсталых
І зрабілі гэта чальцы паспяховага сельгаскааператыву насуперак ціску мясцовай вертыкалі.
Пра выпадак піша газета “Ганцавіцкі час”. Чальцам СВК “Будча” прапанавалі далучыць да сваёй гаспадаркі непаспяховы СВК “Лань”. Дзеля гэтага правялі пазачарговы сход сельгаскааператыву. Усе выгады ад такога аб’яднання рэкламаваў на сходзе старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Аляксандар Саланевіч. Чыноўнік абяцаў вялікую грашовую падтрымку ў выпадку аб’яднання гаспадарак.
Аднак упартыя “будчакі” не пагадзіліся на сумнеўную аперацыю. Яны спасылаліся на тое, што сярэдні заробак у СВК “Будча” — тры мільёны рублёў, а ў СВК “Лань” — адзін мільён. "Будчакі" заявілі, што там працуюць лайдакі і што хутка і ў іх працаваць не будзе каму, бо вёска вымірае.
Пытанне пра аб’яднанне “калгасаў” ставілася двойчы і абодва разы не прайшло.
Фота — ganc-chas.by