На Глабальным форуме ва Ўроцлаве абмяркоўваюць Беларусь
Гэта прадстаўнічая канферэнцыя, на якой прысутнічаюць кіраўнікі і высокія чыноўнікі розных краінаў свету, а таксама прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.
Так, ад Беларусі на Глабальны форум запрошаныя былы старшыня Вярхоўнага савету Станіслаў Шушкевіч, лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, а таксама кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.
Тэма Беларусі на канферэнцыі гучыць вельмі моцна, перадае з месца падзеяў карэспандэнт Еўрарадыё Алег Барцэвіч. Сітуацыі ў нашай краіне быў прысвечаны асобны дыскусійны блок. Гаворка, у прыватнасці, ішла пра тое, што ў Беларусі нейкія змены могуць адбыцца не праз “каляровыя рэвалюцыі”. Гарачая спрэчка адбылася паміж прыхільнікамі і праціўнікамі санкцыяў у дачыненні Беларусі. Высветлілася, што некаторыя еўрапейскія палітыкі, якія раней падтрымлівалі ідэю санкцыяў, цяпер выступаюць супраць іх. Сваю пазіцыю яны тлумачаць наступным чынам: калі ўвядуць санкцыі, Аляксандр Лукашэнка абвінаваціць ва ўсіх актуальных праблемах Еўропу, а калі санкцыі не ўвядуць, то беларускаму лідэру не будзе каго абвінавачваць.
Па рознаму да санкцыяў ставяцца і беларускія палітыкі. Супраць іх выказваецца лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, а кіраўнік цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі іх падтрымлівае.
Цалкам жывое ўключэнне з карэспандэнтам Еўрарадыё Алегам Барцэвічам слухайце на плэеры справа.