На "Граніце" звальняюць жонак актывістаў незалежнага прафсаюзу
Актывісты незалежнага прафсаюзу на мікашэвіцкім прадпрыемстве лічаць гэта ціскам на іх саміх.
Як паведамляе Радыё "Свабода", вядомы пра два выпадкі такіх звальненняў. Так, жонку сакратара прафсаюзу Анатоля Літвінкі звольнілі, не прапанаваўшы ніякай іншай пасады. Жанчына працавала машыністкай канцылярыі на замене дэкрэтнага адпачынку. Па словах прафсаюзнага актывіста, жанчына мусіла яшчэ два гады быць у дэкрэце, але кіраўніцтва прадпрыемства папрасіла яе выйсці на працу.
Падобная ж сітуацыя і ў іншага прафсаюзнага актывіста, чыя жонка працавала вартаўніцай — таксама на падмене дэкрэтнага адпачынку.
Нагадаем, што ў канцы мінулага года некалькі соцень работнікаў прадпрыемства напісалі заявы на выхад з афіцыйнага прафсаюзу. Такім чынам працаўнікі выказалі пратэст супраць нізкіх, на іх думку, заробкаў, пагардлівага стаўлення з боку адміністрацыі і бяздзеяння афіцыйнага прафсаюзу.