На перыяд сяўбы ў Ганцавіцкім раёне абмежавалі танны алкаголь
З 18 красавіка піва, гарэлку і “чарнілы” крамы раёна не прадаюць з 20.00 па 10.00.
Хоць рашэнне Ганцавіцкага райвыканкаму носіць рэкамендацыйны характар, ініцыятыву падтрымалі ўсе без выключэння, піша “Ганцавіцкі час”. Такім чынам, танны алкаголь цяпер можна набываць без абмежаванняў толькі ў аб’ектах грамадскага харчавання, дзе спіртное прадаюць на разліў і з гандлёвай надбаўкай.
Аднак вялікія прыхільнікі “зялёнага змея” не хочуць пераплачваць і з самай раніцы благаюць прадаўцоў, каб адпусцілі ім бутэлечку “чарніла” або гарэлкі.
Прадаўцы лічаць, што эфекту ад гэтага абмежавання не будзе: у крамах зменшыцца прыбытак, затое нажывуцца самагоншчыкі і спекулянты.