На прэм'еру сагі "Сумерки" пусцяць не ўсіх?

Сусветная прэм'ера 2 часткі фільма "Сумерки" ў чацвер 15 лістапада. Але ў Беларусі, магчыма, не ўсе змогуць на яе патрапіць.

Справа ў тым, што ў беларускіх кінатэатрах фільм пазначаны трыма зорачкамі, а гэта катэгорыя 16+.

Зоркі прызначае адмысловая камісія дэпартамента па кінематаграфіі пры Мінкульце. Але часцей за ўсё яна можа паглядзець фільм, толькі калі ён з'явіцца ў пракаце. У беларускіх пракатчыкаў доступ да копій часам з'яўляецца нават за некалькі гадзін да прэм'еры. Таму паглядзець новы фільм загадзя, напрыклад, за 2 тыдні ці 2 дні, камісія не мае магчымасці. Тое самае і з "Сумерками"  — іх камісія яшчэ не бачыла.

"Мы яго яшчэ не глядзелі і не класіфікавалі. Будзем яго праглядаць толькі заўтра. 3 зоркі — гэта пракат ставіць для падстрахоўкі папярэдне. Але загаду на колькасць зорак яшчэ ніхто не даваў. Звычайна ўсе часткі "Сумерек" былі 2 зоркі — да 14 з бацькамі. Не ведаем, што ў Расіі, што пракат паставіў. Але мы заўтра паглядзім і паставім свае зоркі. Ён з гэтымі зоркамі будзе ісці ў кінатэатрах".

Як жа ставяцца зорачкі на фільмы, якія анансуюцца, але якіх камісія яшчэ не бачыла?

Тут пракатчыкі вызначаюць колькасць зорак арыенціровачна, звычайна так, як расіяне. Потым, калі збярэцца камісія, колькасць зорак могуць зменшыць ці павялічыць. Але часцей першасная ацэнка супадае з тым, што ставіць камісія, кажуць Еўрарадыё ў кінатэатры "Цэнтральны".

Пакуль на "Сумерках" стаіць 3 зоркі, а гэта значыць, што пусцяць толькі дзяцей старэйшых за 16 гадоў. Калі пасля прагляду камісіяй стане 2 зоркі, то дзяцей малодшых за 14 гадоў пусцяць з бацькамі.

Усё гэта рэгулюе пастанова Саўміна, у якой, праўда, нічога не напісана пра дзяцей з бацькамі для катэгорыі 3 зоркі. І тут усе трактуюць закон па-рознаму. У кінатэатры "Цэнтральны" дзяцей, якім меней за 16 гадоў, на фільм з 3 зоркамі не пусцяць нават з бацькамі.

"Калі бацькі ідуць з дзіцём у кіно, то адказнасць за гэтае дзіця нясуць усё ж не бацькі, а тое месца, куды ён прыйшоў. Мы яму паказваем нешта, што можа паўплываць на яго псіхіку".

Генеральны дырэктар УП "Кінавідэапракат" Васіль Коктыш кажа, што гэта толькі рэкамендацыя, і калі дзіцё з бацькам, яго мусяць пусціць.

"Ва ўсім свеце гэта папераджальны прынцып. І калі бацькі ідуць з дзіцём і кажуць, што вы за маё дзіця не хвалюйцеся, то мы абавязаныя яго прапусціць. Іншая справа, калі там 4 зоркі, а мы бачым, што ідуць дзеці, то мы іх не прапусцім у залу. А калі дарослы ідзе з дзіцём, то мы яго абавязаныя толькі папярэдзіць, калі ён раптам не заўважыў, што фільм 16+".

У камісіі, якая ставіць зорачкі, таксама кажуць, што дзяцей з бацькамі можна пускаць.

"На нашу думку, бацькі самі будуць несці адказнасць. І калі яны захочуць узяць дзіцё, то іх павінны прапусціць разам".

Дарэчы, у Расіі і Польшчы на "Сумерки" стаіць 12+ але ў польскі кінатэатр з бацькамі на фільм пусцяць нават 11-гадовага.

"Калі б ён хацеў ісці адзін, то не пусцілі б. А калі вы хочаце з дзіцём, то вы самі вырашаеце, і мы прапусцім без праблемаў", — адказваюць у варшаўскай "Аркадыі".

Між іншым, на фільм пра Джэймса Бонда, дзе не мала крыві, пускаюць дзяцей усіх узростаў з бацькамі і адных, калі ім больш за 16 гадоў.

Зыходзячы са зместу прагледжанага фільма Дэпартамент надае яму адпаведны індэкс, які вызначае парадак яго выкарыстання. Гэты індэкс абавязкова пазначаецца ва ўсіх выпадках выкарыстання фільма (у тым ліку пры трансляцыі па тэлебачанні) і яго рэкламы (буклеты, запрашальныя квіткі, улёткі, аб'явы, газеты і іншыя), а таксама на пакунку носьбітаў, якія змяшчаюць запіс фільма.

Вызначаюцца наступныя індэксы:

0 — для дзяцей малодшага ўзросту;

* — для любой аўдыторыі;

** — дзецям да 14 гадоў дазваляецца прагляд з бацькамі або педагогамі;

*** — акрамя дзяцей да 16 гадоў;

**** — акрамя асоб да 18 гадоў. Паказ фільмаў гэтай катэгорыі па тэлебачанні адбываецца з абмежаваннем часу паказу: не раней за 23.00 і не пазней за 4.00 паводле мясцовага часу;

Э18 — эратычны фільм, акрамя асоб да 18 гадоў. Паказ па тэлебачанні фільмаў, аднесеных да гэтай катэгорыі, ажыццяўляецца з абмежаваннем часу паказу: не раней за 23.00 і не пазней за 4.00 паводле мясцовага часу. Паказ такіх фільмаў без кадавання сігналу не дапускаецца.

На фільмы, якія маюць індэкс "****" або "Э18", выдаецца заключэнне Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці.

--> --> -->

--> --> -->

--> --> -->

--> --> -->

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі