На пытанне суддзі “Дзе вы жывяце?” Варламаў адказвае: "У СІЗА"

130204_martin_varlamov.mp3

У актавую залу Дома правасуддзя былы дырэктар “Млына моды” Варламаў зайшоў кульгаючы, з дапамогай мыліцы. Ён выглядае асунутым і хворым. Суддзя Надзея Навіцкая дазволіла мадэльеру сядаць, калі будзе дрэнна.


Адвакат мадэльера Павел Піваварчык на пачатку паседжання перадае суддзі хадайніцтва аб вызваленні Аляксандра Варламава з-пад варты, бо мадэльер хворы.


Павел Піваварчык: “Ён пад вартай каля двух гадоў. За гэты час у яго пахіснулася здароўе. У кастрычніку 2012 года яму была прысвоена другая група інваліднасці”.

Суддзя адмаўляе ў хадайніцтве.Таксама Варламаў просіць суддзю дазволіць яму прайсці медыцынскае абследаванне — магнітна-рэзанансную тэрапію. Суддзя адказвае, што не атрымала дакументаў на гэты конт.


Іншых хадайніцтваў пакуль няма, таму дзяржабвінаваўца Павел Папкоў пачынае чытаць абвінавачанне.


Ён настойвае, што Варламаў выкарыстоўваў памяшканне ліцэю БДУ, якое давалася пад Цэнтр моды, для ўласнага прадпрыемства "Агенцтва моды Сашы Варламава".

Таксама вінаваціць мадэльера, што той здзяйсняў злачынныя дзеянні, каб зарабіць імідж у сферы дызайна і моды.


Павел Папкоў: “Асабістая зацікаўленасць Варламава ў тым, што ён здзяйсняў злачынныя дзеянні ў мэтах уласнай зацікаўленасці, з мэтай прызнання свайго імя ў галіне дызайну і моды”.

 
Мадэльер, нібы, не сплаціў за арэнду памяшканняў ліцэя БДУ   88,5 мільёна рублёў — а гэта асабліва вялікі памер.


Павел Папкоў чытае абвінавачанні больш за 1,5 гадзіны. Саша Варламаў у гэты час намагаецца слухаць стоячы. Ён то сядае, то выцягвае ногі, то ўстае, трымаючыся за краты.


Слухаюць абвінаваўцу і пацярпелыя, якія занялі больш за палову актавай залы. Большая частка — на выгляд падлеткавага ўзросту. Некаторыя з іх не лічаць сябе пацярпелымі.


“Афіцыйна мяне прызналі пацярпелай, але я сябе такой не лічу. Я супрацоўнічала з ім на ўзаема выгодных умовах і не лічу, што мае правы былі парушаныя”, — адказвае Еўрарадыё дызайнер Яважына Міклашэвіч, калі судовае паседжанне перарываецца на абед.


Сашу Варламава вінавацяць па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. У Следчым камітэце кажуць, што ў якасці сведак па крымінальнай справе дапытаныя больш за 800 чалавек. За кратамі Варламаў знаходзіцца з 20 траўня 2011 года.

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі