На сярэдні заробак Новы год можна адзначыць 8 разоў (інфаграфіка)

Як змяняліся кошты на навагоднюю вечарыну з 2010 года ў "Печкі лавачкі", "Bella Rosa", "Метро" у Магілёве і санаторыі "Юнацтва"?

"Заезд з 25 па 30 снежня ў любы з гэтых дзён. Пуцёўкі яшчэ ёсць. Кошт для беларусаў 9-10 мільёнаў рублёў на 12 дзён з улікам навагодняй праграмы. Для расіян 36 860 расійскіх рублёў", — распавядаюць у "ЦэнтрКурорт" пра святочны тур у санаторый.

Гэта звычайная пуцёўка ў санаторый на 12 дзён, але з улікам навагодняга свята і банкета ў санаторыі. Сёлета яна каштуе 1 160 долараў, яшчэ два гады таму было 830. А ў рублях адпачынак у санаторыі падаражэў амаль у 4 разы. Гэта з-за дэвальвацыі. У 2010 годзе з'ездзіць у санаторый можна было за 2,5 мільёна рублёў — два сярэднія заробкі. Сёлета 9 мільёнаў 880 тысяч — амаль 2,5 сярэднія заробкі.

Але ж большасць беларусаў адзначае Новы год калі не дома, то ў рэстаранах. Самы дарагі варыянт, за якім назірае Еўрарадыё гэта "Bella Rosa" — тут сустрэць Новы год можна за 257 долараў з чалавека. У 2010 годзе было танней — 228.

"Кошт 1 мільён 990 тысяч плюс 10% за абслугоўванне. Шэсць падач блюд, гарачае, салаты, дэсерты. На дзве персоны алкаголь на выбар — бутэлька італьянскага шампанскага, віна ці беларускай гарэлкі. Можна сваё прыносіць. Будзе праграма — шаржысты, жывы выступ гурта, вядучая — Ксенія Бараноўская. Для дзяцей аніматары. Усё гэта да 5 раніцы".

Адзін з самых недарагіх варыянтаў — адзначыць новы год у мінскім рэстаране "Печкі Лавачкі" тут кошт амаль дацягвае да абласных гарадоў. Яшчэ летась адзначыць можна было за 64 долары з чалавека. Але сёлета пакуль невядома, рэстаран знаходзіцца ў жылым доме.

"Арыенціровачны кошт будзе ў раёне 60 долараў. Але нам жыхары дома не даюць дазвол. У нас ёсць дазвол на працу да 11 гадзін. Пакуль на правядзенне навагодняй ночы дазволу не атрымалі".

А вось калі паехаць адзначаць Новы год у Магілёў!

"350 тысяч з чалавека замова плюс 70 тысяч праграма. Калі на 350 тысяч рулёў замаўляеце, то ў нас мінімальна — бутэлечка гарэлкі, астатняе можаце сваё прыносіць".

Плюс танцы, жарты і стрыптыз, — распавядаюць ў магілёўскім рэстаране "Метро". Маршрутка да Магілёва ў адзін бок каштуе 60 тысяч.

Але сярэдні заробак там меншы, чым у Мінску. Адзначыць Новы год у рэстаране магілёвец можа сабе дазволіць 9 разоў, а жыхар Мінска ў "Печках" 10 разоў.

Увогуле, атрымоўваецца цікавая сітуацыя — калі ў 2010 годзе (дадэвальвацыйным) на сярэдні беларускі заробак адзначыць Новы год можна было каля 5 разоў, у 2011 годзе (пасля дэвальвацыі) толькі 3 разы, а сёлета 8 разоў — гэта ў "Печках". У "Bella Rosa" 2 разы, 1 і 2 разы сёлета.

Сярэдні заробак у Беларусі: 2010 год — 1,2 мільёна, 2011 — 1,9 мільёна, кастрычнік 2012 — 4,2 мільёна.

Фота: sergeyzhilin.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі