На традыцыйны фэст у Будславе забаранілі браць парасоны
Міліцыя палічыла іх колюча-рэжучымі прадметамі і таму ў мэтах бяспекі каталіцкіх вернікаў забараніла прыносіць.
Таксама сёлета на ўрачыстасці ў гонар Маці Божай у Будславе нельга браць відэльцы, балончыкі з лакам для валасоў, шкляны посуд і вогненебяспечныя рэчывы. Зрэшты, падвышаныя захады бяспекі ў Будславе міліцыя робіць не першы год. З 2009 году яна ўвяла працэдуру асабістага дагляду пілігрымаў, якія прыходзяць адведаць святыню.
Акрамя таго, міліцыянты праводзілі выбарачныя затрыманні ўдзельнікаў фэсту — забіралі тых, хто меў на сабе вопратку з нацыянальнай сімволікай, або падыходзіў паразмаўляць да палітыка Паўла Севярынца, нагадвае сайт westki.info
Абраз Багародзіцы, які знаходзіцца ў Будслаўскім касцёле, вернікі лічаць за цудатворны. Шматлюдныя ўрачыстасці праводзяцца там штогод, 1 і 2 ліпеня, пачынаючы з XVII стагоддзя.