На зборах у Стайках памёр 19-гадовы штангіст

“Жэня скардзіўся на здароўе. Ён падыходзіў да доктара, узяў нейкія таблеткі і пайшоў у пакой адпачываць, — распавядае адзін са штангістаў, які трэніраваўся разам з Яўгенам Шрамко. — І пазней яго знайшлі ў нумары, ляжаў сіні, тварам у матрац…”

Трагедыя адбылася 22 лютага ў спарткомплексе "Стайкі" пад Мінскам. Яўгену Шрамко было 19 гадоў, трэніраваўся ён у мінскай Спартыўный дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву на вуліцы Берута. У юніёрскім узросце Яўгену ўдавалася ставіць нацыянальныя рэкорды. А ў лютым 2012 года на дарослым Кубку Беларусі ён узяў чацвёртае месца, праз чатыры месяцы на чэмпіянаце краіны ― трэцяе.

Хоць толькі цяжкай атлетыкай жыццё Яўгена не абмяжоўвалася. Вучыцца ён паступіў у Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Але ўсё адно марыў прабіцца ў нацыянальную зборную па цяжкай атлетыцы, выступіць у красавіку на чэмпіянаце Еўропы.

“Лёг спаць і не прачнуўся. Пасля анатаміравання сказалі: сардэчная недастатковасць. Здарылася нешта незразумелае. Я ведаю, што ён не піў, не курыў, — кажа дзяржтрэнер па цяжкай атлетыцы Міхаіл Захаранка. — У нацыянальную зборную ён не ўваходзіў, быў на зборах не па лініі Міністэрства спорту, а за кошт сваёй арганізацыі. У хлопца былі перспектывы, думалі яго браць у каманду, але… не паспелі. Каб памёр штангіст у такім маладым узросце — гэта ўпершыню, пра такое я нават не чуў”.

Родныя і сябры развіталіся з Яўгенам Шрамко 25 лютага. Узрушаныя трагедыяй, беларускія штангісты публікуюць у сацыяльных сетках фотаздымкі свайго калегі.

“Не хочацца нават верыць, што гэта здарылася. За апошнія пару тыдняў мы цудоўна камунікавалі. У галаве не ўкладаецца, што Шрамко больш няма з намі, — піша на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках Юлія, удзельніца трэніровачных збораў у Стайках. — Ён быў добрым штангістам, харошым чалавекам, з пачуццём гумару. Калі б мне сказалі: ты можаш загадаць жаданне, я папрасіла б, каб ты вярнуўся да нас. Не хапае слоў, каб выказаць спачуванні тваім бацькам. Помню пра цябе”.

Трагедыі скалыналі беларускую цяжкаатлетычную зборную і раней. У красавіку 2011 года ў аўтакатастрофе загінуў прызёр чэмпіянату свету Сяргей Лагун. Яшчэ адзін атлет, Яўген Жарнасек, тады моцна пацярпеў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі