Нацыянальная бібліятэка рамантуе ганак за 30 тысяч долараў

130315_marcin_bibliateka.mp3

Бібліятэцы патрэбны “бягучы рамонт ганку цэнтральнага ўваходу”, — вынікае з заяўкі на сайце дзяржаўных закупак. На ўсё пра ўсё з бюджэту трэба 250 мільёнаў рублёў, ці амаль 30 тысяч долараў!

Заяўка на рамонт

“Сем гадоў прайшло, таму будуць рамонт рабіць. Гэта гранітныя работы, яны заўжды дарагія. Там трэба ўсё зняць, на месца паставіць. Дэмантаж, мантаж", — тлумачаць Еўрарадыё ў бібліятэцы.

Кіруюся ў “дыямент ведаў”, каб паглядзець, што там патрабуе рамонту і як выглядае ганак.

Ступені галоўнага ўваходу звонку выглядаюць нармальна: шчарбінаў не заўважаем. Пляцоўка перад ўваходам таксама прыстойная: шчылінаў не назіраецца.

Ганак Нацыянальнай бібліятэкі

У калідорах сцены выглядаюць добра, абліцаваныя кафляй, таму ўбачыць, ці ёсць там шчыліны, немагчыма.

Але ў кавярні, дзе аддзелка сценаў іншая, — шчыліна амаль на ўсю сцяну. Яна прыкрытая карцінай, відаць, каб менш заўважалі. Наведвальнікі кавярні на яе не звяртаюць увагі.

Шчыліня ў сцяне кавярні

Можа таму ў будынку будуць “даследаваць стан апорных будаўнічых канструкцый” за 8 тысяч долараў? На гэта таксама ёсць заяўка на дзяржзакупку.

“Яно даследуецца, кожны год вядзецца назіранне”, — адказваюць у бібліятэцы.

У будаўнічым трэсце, які займаўся ў тым ліку і Нацыянальнай бібліятэкай, адразу не могуць падлічыць, на колькі пацягне рамонт ганка.

“Гэта гледзячы якой пароды граніт, якое радовішча. Можа там граніт італьянскі, які даражэйшы, можа Расія, Сібір — гэта ўсё розныя кошты. Бо калі будуць рабіць рамонт, выкарыстаюць той граніт, які быў прадугледжаны паводле дызайну: шэры, светлы. Можа там бягучы рамонт цокалю, можа нешта дадатковае”, — расказваюць у трэсце.

Калі глядзець заяўку: на ганку разбяруць абліцоўку часанага камення, ступені з гранітных плітаў, зробяць бетонна-пясчаную сцяжку, усталююць пакрыццё з гранітных плітаў, усталююць цэльныя гранітныя ступені і замажуць швы растворам кшталту “фуга”. Усё сур’ёзна!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі