Надзея Астапчук: Ніхто не дапамагае. Самі перакладаем дакументы для IAAF
Яшчэ ў двух беларусаў забралі алімпійскія медалі. Еўрарадыё звязалася з іх камандамі: чаму да беларусаў такая ўвага ад антыдопінгавых структур?
Пятага снежня Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў чатырох спартсменаў узнагарод за Алімпіяду ў Афінах. У тым ліку, дваіх беларусаў ― кідальніка молата Івана Ціхана (знайшлі ў допінг-пробе метандыенон) і штурхальніцу ядра Ірыну Ятчанку (метандыенон і аксандралон).
Цікавімся акалічнасцямі допінг-скандалу ва Уладзіміра Сіўцова ― былога трэнера Ятчанкі, які рыхтаваў яе да Алімпіяды ў Афінах.
“Я хворы, дрэнна сябе адчуваю. Не хачу ў гэту справу ўмешвацца, варашыць і каментаваць, ― пазбегнуў гутаркі трэнер. ― Вы ўжо мяне, ляжачага, выбачайце”.
Так выглядала Ірына Ятчанка за часам афінскіх Гульняў
У нашы дні
Вядомы расійскі трэнер Сяргей Літвінаў рыхтаваў Івана Ціхана да Гульняў у Афінах і Пекіне.
Допінг-прэтэнзіі да Івана ўзніклі і там, і там. Адваяваць пекінскую бронзу ўдалося. На гэта пайшло 400 тысяч долараў і клубок нерваў. Пра высунутыя тады абвінавачванні трэнер кажа так:
“Гэта звычайная, зляпаная на хуткую руку, дакументальная падстава. У ходзе следства паднялася хваля: давайце зробім яшчэ адно дадатковае незалежнае абследаванне допінг-пробаў. Але зрабіць гэта было немагчыма, таму што пробы даўно знішчылі, дакументы ляпілі ўсляпую, не чакалі, што гэта ўсплыве”.
Еўрарадыё: Няўжо на такім узроўні магчымы фальсіфікацыі?
Сяргей Літвінаў: “Гэта своеасаблівыя баі без правілаў. У наш час у бяскрыўднай мачы можна знайсці ўсё што заўгодна. Заказныя справы могуць існаваць. У спартсменаў і трэнераў прысутнічае страх, што калі чалавека хочуць прыбраць, то гэта зробяць, які б ён чысты ні быў. Калі ёсць нервы і ёсць сродкі, то можаш, зразумела, змагацца ў самоце, даказваючы сваю правату”.
Еўрарадыё: Які выхад з сітуацыі?
Сяргей Літвінаў: “Калі б існавала нейкая структура кшталту прафсаюзаў для спартсменаў, тады была б іншая справа. Але дзейнічае прынцып П’ера дэ Кубертэна наконт таго, што спорт з’яўляецца аматарскай дзейнасцю. І такую арганізацыю стварыць, атрымліваецца, не можаш, дзейнасць павінна быць прафесійнай”.
Іван Ціхан
Афінскіх алімпійскіх медалёў апроч Ціхана і Ятчанкі пазбавілі штурхальнікаў ядра ўкраінца Юрыя Біланога і расіянку Святлану Крывялёву. Па ідэі, адабраную ў апошняй бронзу мусяць перадаць нашай Надзеі Астапчук (яе, у сваю чаргу, пазбавілі залатога медаля лонданскіх Гульняў у жніўні гэтага года). Але на такую ўзнагароду наша спартсменка не разлічвае. Надзея пералічвае аргументы, якія сведчаць пра наўмыснае паляванне на лёгкаатлетаў з краін былога СССР.
Надзея Астапчук: “Бралі ўсяго каля 2000 пробаў, а ўскрылі толькі каля 100. Ускрывалі менавіта пробы беларусаў, рускіх, украінцаў. Думаю, там яшчэ Казахстан і так далей. Неаб’ектыўнае стаўленне відаць і па іншых выпадках. Калі ўвялі допінг-кантроль па-за спаборніцтвамі, то нас пачалі правяраць у 3-4 разы часцей, чым канкурэнтаў. Людзей проста пільнавалі!”
Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што выйсці на топ-узровень у штурхальна-кідальных дысцыплінах без допінгу немагчыма…
Надзея Астапчук: “Допінг ужываюць, каб хутчэй дасягнуць выніку. Гарантыяў, што, прыняўшы допінг, чалавек выступіць лепей, няма. Тэхніка ўплывае моцна, характар чалавека. Некаторыя думаюць, што калі з’еў таблетак, то стаў алімпійскім чэмпіёнам. Гэта не так”.
Еўрарадыё: Вам у цяжкі момант дапамагае нехта?
Надзея Астапчук: “У дадзены момант не. Самі з трэнерам займаемся перакладам дакументаў для IAAF (Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый). У нашай Федэрацыі адны кадры сышлі, іншыя выконваюць абавязкі, але мала што робяць”.
Еўрарадыё: Як вы выжываеце? Вас пазбавілі ўсіх заробкаў…
Надзея Астапчук: “Я ― чалавек не бедны, трошкі зарабіла. Мне на жыццё ў дадзены момант хапае. Цяпер чакаю рашэння наконт дыскваліфікацыі і буду прымаць рашэнне, чым займацца далей”.
Ці можа быць праўдзівай версія пра тое, што існуе змова супраць спартсменаў з постсавецкай прасторы? Чаму так часта правяраюць менавіта беларусаў? Некалі Еўрарадыё задавала гэта наіўнае пытанне міжнародным чыноўнікам. Адказ быў рытарычны: “Добрыя спартсмены, таму і правяраем”.
Фота sport.howzit.msn.com і з сацыяльных сетак