Напад на 17-гадовую дзяўчыну раскрылі ў Гродне
Злачынства было ўчыненае ў пачатку студзеня гэтага года.
Двое невядомых пазванілі ў дамафон і папрасілі дзяўчыну выйсці за заказным лістом. Калі пацярпелая ім адчыніла, яны скруцілі ёй рукі і запхалі назад у кватэру. Дзяўчыне абматалі скотчам рукі і ногі, прывязалі да батарэі і выпыталі, дзе ў кватэры ляжаць грошы. Яна прызналася, дзе шукаць 5 мільёнаў рублёў.
Злачынцы схапілі грошы і адразу ўцяклі, ледзь размінуўшыся з сястрой пацярпелай, якую сустрэлі каля пад’езда. Тая паднялася дадому і, убачыўшы, што здарылася, тут жа звярнулася ў міліцыю, паведамляе БелаПАН.
Тыдзень таму адзін з рабаўнікоў разам з чарговым хаўруснікам залез у прыватны дом да мясцовага жыхара, які знаходзіўся ў той час на адпачынку ў Турцыі, і вынес адтуль тры ЖК-тэлевізары. Хутка тэхніку прадалі, пра здзелку адразу ж стала вядома ў міліцыі. Пакупнік тэхнікі выдаў усю вядомую інфармацыю пра прадаўца.
Падчас адпрацоўкі маладога чалавека высветлілася, што ён праходзіў па справе аб нераскрытым разбойным нападзе. Да таго ж ён быў сябрам былога хлопца пацярпелай. Міліцыя сабрала дастаткова доказаў яго ўдзелу ў нападзе на дзяўчыну.