Наркатычны “Спайс”, нягледзячы на забарону, па-ранейшаму прадаюць у Мінску
У Беларусь пачалі прывозіць курыльныя сумесі, у якіх забароненыя рэчывы замянілі новымі. Каб прызнаць іх наркатычнымі, можа спатрэбіцца некалькі месяцаў
Курыльныя сумесі ў Беларусі забаранілі з новага года. Але ў Мінску іх можна купіць без праблем. Многія сайты з сумесямі пазакрываліся, а нумары недаступныя. Аднак з'явіліся і новыя інтэрнэт-крамы з новымі "спайсамі". Нумар аднаго з гандляроў карэспандэнт Еўрарадыё вельмі проста знайшоў у інтэрнэце.
Еўрарадыё: Добры дзень. Ці можна у вас сумесь араматычную набыць?
Гандляр: "Ну, пакуль яшчэ так".
Еўрарадыё: А “Джа Раш” ёсць?
Гандляр: "Джа Раш” няма. Ёсць толькі новыя. Старыя ўсе забароненыя, а новыя нармальныя. Яны, у прынцыпе, падобныя на старыя. Каштуюць ад 50 да 90 тысяч".
Ва ўпраўленні па наркакантролі Мінскай вобласці Еўрарадыё патлумачылі, што забаранілі не самі сумесі, а хімічныя наркатычныя рэчывы, якія ў іх утрымліваюцца. Калі ў новых “спайсах” забароненых прэпаратаў няма, то… яны дазволеныя.
Упраўленне па наркакантролі: "Трэба праводзіць экспертызу хімічную, калі ў новых сумесях не будзе прэпаратаў з новага спісу наркотыкаў, тады яны зноў будуць пазбягаць адказнасці. Наркотык — гэта формула хімічная. Калі адну літару ці лічбу выкінуць з гэтай формулы, то ён не будзе з'яўляцца дадзеным забароненым прэпаратам і за гэта не будзе адказнасці".
Актыўныя рэчывы ў "спайсах" — гэта не самі травы, з якіх зроблена сумесь, а сінтэтычныя канабіоіды, кажа галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Аляксей Аляксандраў.
Аляксей Аляксандраў: "Былі забароненыя 2 групы сінтэтычных злучэнняў — JVH i CP. Вось гэтыя два злучэнні з рознымі радыкаламі з'яўляюцца небяспечнымі".
Але ж новыя злучэнні з'яўляюцца ўвесь час. У суседняй Польшчы пасля забароны адных злучэнняў адразу ж з'яўляліся новыя, якіх няма ў спісе.
Аляксей Аляксандраў: "Працэс сінтэзу не спыняецца ні на дзень з таго часу, як іх упершыню сінтэзавалі на пачатку ХХ стагоддзя. Калі ж гэтае рэчыва сінтэзуецца і распаўсюджваецца, то яго прыбіраюць з абарачэння; і калі яго класіфікуюць як псіхатропнае, то пералік абнаўляецца, яго туды ўносяць".
Спіс забароненых сродкаў абнаўляецца, але ўсяго некалькі разоў на год. Таму некаторы час новыя прэпараты будуць заставацца дазволенымі, бо на іх вывучэнне патрэбы час.
Дарэчы, ва ўпраўленні па наркакантролі распавялі, што з новага года яшчэ не распачалі ніводнай крымінальнай справы на гандляроў сумесямі, хаця затрыманні ўжо былі.
Упраўленне па наркакантролі: "Крымінальныя справы пакуль не распачыналі. Затрыманні былі, але ніводнай справы пакуль не завялі, таму што няма яшчэ хімічнай экспертызы".
Адказнасць за сумесі такая ж, як за іншыя наркотыкі. Калі вы захоўваеце без мэты продажу, то "загрымець" можна на 5 год. А калі распаўсюджваеце, то на ўсе 10. Праўда, пакуль для "спайса" не вызначылі, што такое "асабліва буйны памер".
Дарэчы, паводле словаў спецыялістаў, "спайс" можа быць яшчэ больш небяспечным за звычайную "траўку". Бо гэта хімічны прэпарат, а не прыродны, і яго ўздзеянне на чалавека слаба вывучанае.