“Наша Ніва” атрымала яшчэ адно папярэджанне
Гэтым разам Міністэрства інфармацыі знайшло памылку ў выходных звестках нумару ад 1 чэрвеня 2011 года.
Чыноўнікі заўважылі, што там, у парушэнне арт.22 Закону аб СМІ, не ўказаны падпісны індэкс.
Зазвычай «НН» друкуе падпісныя індэксы на старонцы 2, у блоку інфармацыі для чытачоў. Таму ў рэдакцыі захапленыя пільнасцю ідэалагічнага ведамства. У “НН” таксама адзначаюць, што нумар ад 1 чэрвеня быў адзіным, дзе не было блоку з індэксамі. На яго месцы стаяў артыкул «Вышэйшы гаспадарчы суд адкрыў дарогу да закрыцця «Нашай Нівы».
Нагадаем, што “Нашай Ніве” пагражае закрыццё. 12 ліпеня адновіцца судовы працэс па гэтай справе.