Радзіна: Мы людзі сціплыя... прызвычаіліся працаваць на каленцы
Рэдактарка сайта “Хартыя-97” пасля ўцёкаў з Беларусі жыла ў Маскве, цяпер яна папрасіла палітычнага прытулку ў Літве. ДАДАЛОСЯ ІНТЭРВ'Ю З НАТАЛЛЯЙ РАДЗІНАЙ
У вялікім артыкуле, апублікаваным на “Хартыі”, Наталля Радзіна расказвае аб чатырох месяцах, якія прайшлі пасля яе ўцёкаў з Кобрына. Амаль увесь гэты час яна знаходзілася ў Маскве, чакаючы прызнання яе бежанцам у ААН. Адразу ж пасля гэтага Радзіна спачатку вылецела ў Амстэрдам, дзе атрымала афіцыйны статус, а пасля накіравалася ў Літву.
У дадзены момант Наталля Радзіна знаходзіцца ў Вільні. Яна збіраецца працягваць працу над сайтам “Хартыя-97”.
Нагадаем, што пасля падзей 19 снежня Наталля Радзіна трапіла ў СІЗА КДБ, дзе правяла некалькі месяцаў. Да суда яе выпусцілі адтуль пад падпіску аб нявыездзе. У пачатку красавіка Наталля Радзіна знікла. Яе месцазнаходжанне дагэтуль не было вядома.
Еўрарадыё паразмаўляла з Наталляй Радзінай. Інтэрв'ю можна паслухаць тут:
Еўрарадыё: Чаму менавіта ў Літве вы папрасілі прытулак і калі прынялі такое рашэнне?
Радзіна: “Я першапачаткова планавала прыехаць у Літву па той простай прычыне, што пасля майго арышту, пасля прэзідэнцкіх выбараў, супрацоўнікі сайта “Хартыя-97” змаглі перабрацца ў гэтую краіну. Сайт “Хартыя” быў афіцыйна зарэгістраваны тут і тут знаходзіцца мой калектыў, таму функцыі рэдактара сайту мне найбольш зручна выконваць у Вільнюсе”.
Еўрарадыё: Цяпер, пасля скандала з перадачай літоўскім бокам Мінску банкаўскіх рахункаў беларускіх апазіцыянераў, ці не змянілася ў вас стаўленне да гэтай краіны?
Радзііна: “Дастаткова складанае пытанне. Канешне, ёсць падазрэнне, канешне, ёсць асцярога, іх не можа не быць, улічваючы гэтую сітуацыю. Я буду спадзявацца, што на гэтым прыкладзе літоўскія ўлады будуць больш адказныя і будуць больш уважліва ставіцца да палітычных бежанцаў і дэмакратычных актывістаў з Беларусі, будуць разглядаць кожную сітуацыю больш дэтальна і ўважліва”.
Еўрарадыё: Як вы б маглі пракаментаваць саму сітуацыю з арыштам праваабаронцы Алеся Бяляцкага?
Радзіна: “Гэтая сітуацыя раскрыла сітуацыю, якая існуе. На жаль, шматлікія еўрапейскія чыноўнікі аддаюць перавагу канкрэтным дзеянням дэкларатыўныя заявы і гэтыя дэкларацыі вельмі часта разыходзяцца з дзеяннямі. Мы на гэтым прыкладзе з Алесям Бяляцкім пабачылі, што адбываецца. Бо, з аднаго боку, прымаецца вялікая колькасць заяваў у падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі, а на справе гэтага не адбываецца. Гэты выпадак не адзінкавы, на жаль, і вельмі хочацца, каб сёння Еўропа на гэтым прыкладзе зразумела, што час сыходзіць ад палітыкі дэкларатыўнай да рэальнай палітыкі. Час выстройваць адносіны з Беларуссю на аснове дэмакратычных прынцыпаў і быць больш прынцыповымі ў дачыненні да дыктатарскага рэжыму”.
Еўрарадыё: Вы не баіцеся, што таксама нейкая інфармацыя можа патрапіць у Мінск, якая мае дачыненне да групы стваральнікаў сайта “Хартыя”?
Радзіна: “Мы проста журналісты, якіх-небудзь рахункаў у нас няма, таму асцярогі ў мяне няма. Маіх уласных рахункаў у Вільнюсе няма. Але я насцярожаная тым, што сапраўды вельмі шмат дэмакратычных недзяржаўных арганізацыяў з Беларусі былі вымушаныя тут адкрываць рахункі, для таго каб атрымліваць хоць нейкія сродкі на сваё існаванне ў Беларусі. Сёння яны ўсе аказаліся пад ударам”.
Еўрарадыё: З’яўлялася інфармацыя, што “Хартыі” зараз вельмі цяжка з фінансамі, ці сапраўды гэта так?
Радзіна: “Сітуацыя складаная і гэта таксама мне не падабаецца, бо самы дзейны беларускі інтэрнэт-рэсурс, адзін з самых папулярных у краіне, аказваецца, увесь час у сітуацыі, калі можа аказацца без якой заўгодна фінансавай падтрымкі. І гэта таксама прычына задумацца еўрапейскім чыноўнікам, куда сыходзяць рэсурсы, які вылучае ЕС на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”.
Еўрарадыё: Якім чынам “Хартыя” зарэгістравалася ў Літве?
Радзіна: “У літоўскім Мінюсце быў афіцыйна зарэгістраваны сайт “Хартыя-97” як арганізацыя”.
Еўрарадыё: Ці ведалі ў Мінску пра вашае месцазнаходжанне, калі вы былі ў Маскве? Ці былі нейкія спробы вас з Масквы вярнуць у Беларусь?
Радзіна: “Я была максімальна асцярожная. Я не з’яўлялася ў публічных месцах, я знаходзілася толькі ў вельмі вузкім коле вельмі добрых сяброў, людзей, якім я давяраю. Я не тэлефанавала ў Беларусь са сваіх расійскіх тэлефонаў. Па скайпе я размаўляла толькі са сваёй маці, якая таксама не ведала, дзе я знаходжуся. Яна была ўпэўнена, што я знаходжуся ў Еўропе. Таму мне складана сказаць, ці ведалі яны. Магчыма і здагадваліся”.
Еўрарадыё: Каго больш заслуга, на вашую думку, што вас не выдалі ў Беларусь — расійскіх уладаў ці праваабаронцаў?
Радзіна: “Гэта сумесная праца. У большай ступені, канешне, праваабарончых арганізацыяў, еўрапейскіх палітыкаў і амерыканскіх палітыкаў. І я, канешне, радая, што расійскія ўлады мяне не выдалі”.
Еўрарадыё: Хто вам дапамог неяк уладкавацца ў Вільні?
Радзіна: “Я толькі прыехала у Вільнюс, літаральна некалькі дзён назад. Ёсць кватэра, якую мы здымаем, у якой мы працуем і жывём. Мы людзі сціплыя, мы яшчэ ў Беларусі прызвычаіліся працаваць фактычна на каленцы і для нас самае галоўнае працаваць, нягледзячы ні на што”.
Фота — kilgor-trautt.livejournal.com