Назваць цыклон у свой гонар каштуе 199 еўра, антыцыклон — 299 еўра

130318_eurafokus.mp3

Не паспела краіна адысці ад наступстваў магутнага цыклона “Хаўер”, як з’явілася навіна, што да нас ідзе новы цыклон. Гэтым разам — “Бірк”.

Еўрарадыё зацікавілася: хто прыдумляе імёны ураганам і цыклонам? І што трэба, каб даць ім сваю назву?

“З даўніх часоў склалася даваць імёны трапічным ураганам, якія дасягаюць пэўнай сілы. Спачатку гэта былі толькі жаночыя імёны, а пасля і мужчынскія. Прыкладна 15-20 гадоў таму немцы са службы надвор’я пачалі даваць імёны і еўрапейскім цыклонам і антыцыклонам. Прычым яны называюць іх па чарзе, па літарах алфавіта”, — распавядае Еўрарадыё прафесар, загадчык кафедры метэаралогіі і кліматалогіі МДУ Аляксандр Кіслоў.

Падрабязныя сінаптычныя мапы з апісаннем цыклонаў і антыцыклонаў робяць англічане, французы, рускія. Але даваць імёны еўрапейскім цыклонам і антыцыклонам прыдумалі менавіта немцы. Астатнія ж, як заўважае Аляксандр Кіслоў, ці не робяць гэта па нейкай “джэнтльменскай дамоўленасці”, ці проста не хочуць.

Аляксандр Кіслоў: “Гэтыя карты абнаўляюцца не радзей за 4 разы на суткі. На сённяшні дзень такія карты ёсць на 5 дзён наперад. Разумееце, гэта зручна! Вось мы кажам “Хавер” і адразу разумеем, пра што ідзе гаворка”.

У цотныя гады цыклоны прынята называць мужчынскімі імёнамі, а антыцыклоны – жаночымі. У няцотныя — наадварот.

Атрымліваецца, што з дапамогай урагана можна, напрыклад, павіншаваць каханую дзяўчыну, прапанаваўшы яе імя ў якасці назвы аднаго з наступных цыклонаў ці антыцыклонаў. Тэлефануем у Інстытут метэаралогіі Свабоднага ўніверсітэта Берліна, які зацвярджае назвы ураганаў, і пытаемся пра падрабязнасці.

Інстытут метэаралогіі Свабоднага ўніверсітэта Берліна : “На сайце вы можаце запоўніць заяўку і даслаць нам. Мы глядзім, каб літара, на якую пачынаецца назва,была  свабодная ў гэтым годзе. Гэта каштуе 299 еўра за антыцыклон, і 199 еўра за цыклон”.

Паводле слоў супрацоўніцы Інстытута метэаралогіі, у сярэднім за год здараецца каля 150-160 цыклонаў. А антыцыклонаў у 2,5 разы менш, каля 60. Напэўна, таму яны і каштуюць даражэй.

Спіс ураганаў на старонцы www.met.fu-berlin.de

Увогуле ж, Інстытут метэаралогіі раздае імёны цыклонам і антыцыклонам з 2002 года. За гэты час паслугай скарысталася каля 1 тысячы 800 чалавек з 15 еўрапейскіх краінаў, а таксама з Бразіліі, Японіі і ЗША.

Сёлета Інстытут метэаралогіі Свабоднага ўніверсітэта Берліна налічыў у Еўропе 9 антыцыклонаў. А таксама 28 цыклонаў. “Бірк”, дарэчы, і ёсць 28-ы, а, напрыклад, 9-ы, які быў зафіксаваны 24 студзеня, меў назву “Igor”. Таксама сёлета чакаецца цыклон “Vitali”.

Калі ж казаць пра бліжэйшыя “дасяжныя” ураганы, то на дадзены момант яны маюць нумары 76-78 і мусяць пачынацца з літараў X, Y, Z. Калі нехта хоча прапанаваць сваю назву, ён мусіць памятаць некалькі простых правілаў:

— імёны мусяць прызнавацца ў ЗАГСах;

— нельга прапаноўваць імёны, якія пішуцца з выкарыстаннем дэфіса ці спецыяльных знакаў;

— не прымаюцца прозвішчы альбо назвы кампаній.

Цікава, што за дадатковую аплату можна “прапіярыць” за кошт урагана сваю інтэрнет-старонку. Гэта будзе каштаваць усяго 20 еўра. Спасылка на вашу інтэрнэт-старонку будзе адлюстроўвацца на сайце Інстытута метэаралогіі Свабоднага універсітэта.

Фота: auto.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі