Кэтрын Эштан: Бізнэсоўцаў дададуць у "чорны спіс" у сакавіку
А прозвішчы тых, каго дадалі ў чорны спіс сёння, стануць вядомыя ў сераду.
Кіраўніца знешнепалітычнай дыпламатычнай службы ЕС Кэтрын Эштан заявіла, што сённяшняе пашырэнне чорнага спіса — гэта толькі пачатак. Пра гэта яна паведаміла на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы міністраў замежных спраў у Брусэлі. Бізнэсоўцаў і кампаніі, якія варта таксама ўключыць у спіс, міністры замежных спраў абмяркуюць у сакавіку.
Кэтрын Эштан: "Мы вырашылі, што яшчэ шмат справаў наперадзе і што наш падыход павінен быць мацнейшы і больш коплексны. Таму Савет міністраў замежных спраў ў сакавіку абмяркуе коплексны спіс бізнэсоўцаў, якіх трэба дадаць у чорны спіс і аб'яднаць з тымі, хто там ужо ёсць. Мы працягваем заклікаць беларускія ўлады да вызвалення і рэабілітацыі палітзняволеных. І ў той жа час мы ўзмацняем свае сувязі з апазіцыяй".
Нагадаем, што сёння міністры замежных спраў ЕС прынялі палітычнае рашэнне пашырыць чорны спіс на 21 асобу. Існуюць доказы таго, што гэтыя асобы сапраўды адказныя за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, адзначыла прэс-сакратарка Савета ЕС Сюзана Кіфа.
Сюзана Кіфа: "Міністры вырашылі дадаць 21 асобу ў спіс людзей, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі ЕС, то бок забарона ўезду на тэрыторыю Еўрасаюза і замарожванне еўрапейскіх актываў. Заўтра гэтае рашэнне будзе аформлена юрыдычна, а на наступны дзень, у сераду будуць апублікаваныя прозвішчы гэтых асобаў. Але магу сказаць, што 19 асобаў з 21 — гэта суддзі. Датычна ўсіх асобаў, якія знаходзяцца ў спісе ёсць доказы таго, што яны ўдзельнічалі ў рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасці".
Акрамя суддзяў у "чорны спіс" Еўрасаюза трапілі і два супрацоўнікі міліцэйскага ведамства.
Нагадаем, што сёння ў Брусэлі на паседжанні Савета ЕС міністры замежных спраў вырашалі ў тым ліку і "беларускае пытанне". Варта адзначыць, што афіцыйна яно не значылася ў распарадку дня міністраў. Але пра тое, што гарачыя абмеркаванні шляхоў ўздзеяння на беларускія ўлады ўсё ж ідуць, гаварылі і самі міністры перад пачаткам сустрэчы.
Фота: rnw.nl